Мянчук: У мяне вельмі шмат пытанняў да ўладаў
- 12.09.2019, 21:10
Краінай кіруюць закасцянелыя людзі, якія прымаюць не тыя рашэнні, якія патрэбныя народу.
Пра гэта кажуць менчукі, якія пабылі на пікетах збору подпісаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
- Як і ў большасці моладзі, у мяне вельмі шмат пытанняў з нагоды непапулярных рашэнняў што да войска, абмежавання ў масавых мерапрыемствах, якія, моладзі, магчыма былі б цікавыя, нацыянальна арыентаванай і не толькі нацыянальна арыентаванай, - сказаў малады чалавек, які паставіў подпіс за вылучэнне кандыдата ад «Еўрапейскай Беларусі». - З наборам звязана тое, што правялі вельмі хутка закон, хоць ён, вядома, доўга рыхтаваўся. Калі стала вядома грамадскасці, вельмі хутка гэта ўсё зрабілі, не спытаўшы думкі ў той жа моладзі. Калі сабралі дзесяць тысяч подпісаў.
Гэта выглядае даволі дзіўна, хоць можна зразумець, чаму яны гэта зрабілі і з чым гэта звязана. У мяне ёсць шмат знаёмых, якія абмяркоўвалі гэтую тэму. Хтосьці ўважае, што за кошт гэтага ўзмацненне войска будзе, хтосьці мяркуе, што гэта зроблена каб нейтралізаваць моладзь на час выбарчых кампаній. Магчыма проста хочуць моладзь, як самую актыўную частку грамадства, усю загнаць у войска.
Хацелася б проста перамен нейкіх, руху нейкага. Цяпер закасцянелыя людзі прымаюць «патрэбныя» камусьці рашэнні, а не тое, што хоча народ, скажам так.