Генадзь Фядыніч: А хто з чыноўнікаў падзарабляе на ўборцы ўраджаю?
- 25.07.2019, 11:34
Права работнікаў на адпачынак замянілі на права падпрацаваць.
Новы Працоўны кодэкс не дае новых магчымасцяў: усе правы ў наймальніка, а бяспраўе працоўнага чалавека засталося. 23 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў новую рэдакцыю Працоўнага кодэкса, якая ўвойдзе ў дзеянне праз паўгода пасля афіцыйнага апублікавання закона. Афіцыйныя прафсаюзы нахвальваюць новую рэдакцыю дакумента, у якой яны бралі ўдзел. А як бачацца новаўвядзенні незалежным прафсаюзам?
Адзін з лідараў прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч прайшоўся па самым гучным навінам закона, піша praca-by.info.
- І ўрад, і прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў так нахвальваюць новы Працоўны кодэкс, што народ проста павінен выказаць удзячнасць уладам. Але давайце ацэнім змены ў Працоўны кодэкс з пункту гледжання чалавека працы і прафсаюзніка: што добра, а што нікуды не падыходзіць.
Пра дыстанцыйную працу
У Працоўным кодэксе з'явіўся артыкул, які рэгулюе стасункі работніка і наймальніка пры выкананні дыстанцыйнай працы. Гэтая норма падаецца як вялікая выгада. Безумоўна, людзі гадамі маглі працаваць дыстанцыйна, атрымлівалі грошы, падаткі не плацілі, а сама праца ў стаж не залічвалася. Добра зрабілі, што легалізавалі? Сапраўды, пачнуць плаціць падаткі, праца будзе залічвацца ў страхавы стаж. Але паглядзім, колькі людзей афіцыйна пяройдзе на дыстанцыйную працу. Магчыма, гэта новаўвядзенне разлічанае на перспектыву.
Пра непрацягненне кантракта
Паводле дэкрэта №5 наймальнік мае права папярэдзіць работніка пра непадаўжэнне кантракту за сем дзён, а ў Працоўным кодэксе гэты тэрмін павялічыўся да 30 дзён. Прабачце, а дзе тут чалавек? Я яго не бачу - бачу толькі наймальніка. Чаму працаўнік не мае роўныя правы з наймальнікам і не можа папярэдзіць яго пра сваё жаданне скасаваць кантракт таксама за 30 дзён? Чаму гэтага не зрабілі? Зашмарга-то застаецца ў руках у наймальніка.
Працоўныя выправы без згоды
Знята забарона на працоўныя выправы ў адносінах да жанчын, якія гадуюць дзяцей да 3 гадоў. З улікам гендэрнай палітыкі, такая папраўка патрэбная. А калі жанчына не можа ехаць у выправу (ёсць неабходнасць нагляду за дзецьмі)? Закон не патрабуе згоды жанчыны: наймальнік наважыў - жанчына паехала. Пытанне застаецца адкрытым: чаму не занесеная папраўка «са згоды працаўніка»?
Пра «продаж» работнікаў іншаму наймальніку
Усе пляскаюць у ладкі, што наймальнік мае права «прадаць», прабачце, сваіх работнікаў іншаму працадаўцу на паўгода. Напрыклад, я іду да наймальніка, падпісваю кантракт і працую; у наймальніка няма працы, таму ён прапануе мне (з маёй згоды) ехаць немаведама куды і на якіх умовах. У мяне ёсць выбар: ехаць ці не ехаць. Калі я адмаўляюся, мяне павінны альбо скараціць, альбо выплаціць за парушэнне кантракту наймальнікам тры сярэднія заробкі і сказаць "да пабачэння". Так было б справядліва ў адносінах да працоўнага чалавека, калі б гэта было прапісана ў Працоўным кодэксе.
Пра адпачынак бацькам
Здарылася неверагоднае: мужчыны, у якіх нарадзілася дзіця, атрымалі права на 14-дзённы адпачынак. Гэта несумненна, нармальнае новаўвядзенне. Цяпер гэта абавязак наймальніка, а не права - падпісаць заяву на 14-дзённы адпачынак. Але адпачынак-то не аплачваецца! Аўтары ківаюць на калектыўныя дамовы, у якіх павінны прапісаць механізмы кампенсацыі за адпачынак. А калі прадпрыемства не мае прыбытку, калі прадпрыемства не дзяржаўнае, калі няма калектыўнай дамовы? У працаўніка ёсць права падаць заяву і дапамагчы жонцы ў цяжкую хвіліну. Але застаецца горыч ад такога права: дзяржава не паклапацілася пра тое, каб адпачынак аплачваўся.
Ад кантракту не ўцячэш
Закон дазваляе на пагадненне бакоў 5-гадовы кантракт з работнікам, які не дапускае парушэнняў дысцыпліны. Пасля пяцігадовага перыяду кантракт можа быць прадоўжаны яшчэ на 3 гады. На меншыя тэрміны адносна гэтай катэгорыі работнікаў кантракты будуць працягвацца і заключацца толькі з пісьмовай згоды работніка. Але права заключаць кароткатэрміновыя кантракты (1 год) ніхто не адмяняў, яны застаюцца ў дзеянні і, як я мяркую, будуць выкарыстоўвацца па поўнай праграме, як і раней. Аднак калі чалавек адпрацаваў без заўваг год - пераводзь яго на бестэрміновую працоўную дамову. Што перашкаджае? У гэтым выпадку чалавек працы атрымлівае права за 30 дзён папярэдзіць наймальніка аб звальненні. Чаму гэта не зроблена, няўжо зноў па «просьбах працоўных"? Мы гэта ўжо праходзілі.
«Адпачынак» для працоўнага чалавека - змена працы
У перыяд адпачынкаў дазваляецца працаваць па сумяшчальніцтве як на асноўным месцы працы, так і на іншых працах. Няўжо незразумела, што людзі вымушаныя не адпачываць, а падпрацоўваць падчас працоўнага адпачынку ад безвыходнасці (альбо ім трэба выплачваць крэдыты, альбо трэба аддаваць запазычанасці, а заробак па асноўным месцы працы не дазваляе гэтага зрабіць). Пытанне да распрацоўшчыкаў: а калі адпачываць? Права на адпачынак замянілі правам падпрацаваць. Цікава, а хто з высокапастаўленых чыноўнікаў падпрацоўвае на ўборцы ўраджаю або ў іншых высокааплатных месцах?
Бяспраўе працоўнага засталося
І не трэба займацца самаўсхваленнем: так доўга працавалі, столькі зрабілі, што працоўны чалавек урэшце ўздыхне з палёгкай. Папраўкі ў Працоўны кодэкс не даюць новых магчымасцяў: усе правы засталіся ў наймальніка, а касметычны рамонт Працоўнага кодэкса пакінуў чалавека працы, як і раней, бяспраўным. У законах або нарматыўных актах, якія тычацца працоўных адносін, галоўным павінна быць матывацыя да высока прафесійнай і высока аплатнай працы, чаго, на жаль, мы не бачым на практыцы.