Прэзідэнтка Славакіі «анулявала» запрашэнне Лукашэнкі
- 28.06.2019, 8:13
Дыктатара не хочуць бачыць у Браціславе?
Прэзідэнтка Славакіі Зузана Чапутова праінфармавала Аляксандра Лукашэнку, што зробленае яму спікерам нацыянальнага парламента Андрэем Данко запрашэнне для ўдзелу ў будучых у краіне ў канцы жніўня гэтага года ўрачыстасцях з нагоды 75-годдзя Славацкага нацыянальнага паўстання (29 жніўня - 28 кастрычнiка 1944 года) супярэчыць дзяржаўнаму пратаколу і міжнароднай практыцы.
Пра гэта паведаміла ў чацвер электронная версія Браціслаўскай газеты «СМЕ», якая падае словы кіраўніцы дзяржавы.
«Прэзідэнта [замежнай дзяржавы] павінен запрашаць прэзідэнт краіны», - заявіла Чапутова. Славацкая лідарка таксама сказала, што пакуль не запрашала нікога са сваіх замежных калегаў на будучыя імпрэзы. Наконт запрашэння Лукашэнкі яна паразмаўляла са спікерам парламента, які надоечы наведаў Беларусь, паведамляе ТАСС.
Кіраўнік МЗС Славакіі Міраслаў Лайчак, каментуючы сітуацыю, сказаў, што Андрэй Данко дапусціў дыпламатычны пралік, запрасіўшы ў рэспубліку Аляксандра без ведама і згоды прэзідэнткі Зузаны Чапутовай.
Між тым Данко гатовы прыняць Лукашэнку ў якасці свайго асабістага госця, калі беларускі дыктатар выкажа намер удзельнічаць у святкаванні 75-годдзя Славацкага нацыянальнага паўстання. Пра гэта выданню паведаміў прэс-сакратар спікера парламента Томаш Касцельнік.