BE RU EN

РФ падпісала праект дарожнай карты аб скасаванні роўмінгу з Беларуссю

  • 22.12.2019, 20:20

Плата за ўваходныя выклікі ў роўмінгу павінна быць скасаваная не пазней за верасень 2020 года.

Плата за ўваходныя выклікі ў роўмінгу ў «саюзнай дзяржаве» павінна быць скасаваная не пазней за верасень 2020 года. Пра гэта паведаміў у нядзелю ТАСС прэс-сакратар Мінкамсувязі РФ Яўген Новікаў са спасылкай на фінальную версію дарожнай карты, якая ўзгодненая з РФ і чакае падпісання з боку Беларусі.

- Згодна з фінальнай версіяй дарожнай карты аб так званым скасаванні роўмінгу паміж Расеяй і Беларуссю, у сакавіку 2020 года павінны быць гатовыя прапановы аб яе заканадаўчым замацаванні. Сама плата за ўваходныя выклікі ў роўмінгу ў «саюзнай дзяржавы» павінна быць скасаваная цягам шасці месяцаў пасля гэтага, гэта значыць не пазней за верасень 2020 года. Дагэтуль павінны быць скончаны ўсе тэхнічныя, арганізацыйныя і іншыя мерапрыемствы аб забеспячэнні карэктнай маршрутызацыі і тарыфікацыі роўмінгавых званкоў, - сказаў ён.

Пры гэтым Новікаў адзначыў, што Расея цалкам узгадніла фінальную версію дарожнай карты.

- Нашай стараной яна падпісаная 19 снежня. Цяпер мы чакаем падпісанне з боку Беларусі, - адзначыў ён.

Раней міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін у інтэрв'ю перадачы «Масква. Крэмль. Пуцін» на тэлеканале «Расія 1» паведаміў, што канкрэтная дата скасавання роўмінгу паміж Расеяй і Беларуссю ў 2020 годзе зафіксаваная, аднак гэтая пастанова ўвойдзе ў дзеянне толькі ў рамках пакетнага пагаднення.

Апошнія навіны