BE RU EN

Войскі Хафтара захапілі карабель з турэцкім экіпажам

  • 22.12.2019, 18:56

У той самы дзень Турцыя заключыла дамову пра ваеннае супрацоўніцтва з афіцыйнай лівійскай уладай.

Войскі самаабвешчанай Лівійскай нацыянальнай арміі (LNA) генерала Халіфы Хафтара ў нядзелю, 22 снежня, заявілі, што захапілі карабель з турэцкім экіпажам у Міжземным моры. Паводле словаў прадстаўніка LNA Ахмеда аль-Місамры, карабель, які ішоў пад сцягам Грэнады, быў перахоплены каля лівійскага прыбярэжнага горада Дэрна. Адтуль карабель быў дастаўлены для праверкі ў кантраляваны LNA порт у Рас-эль-Хілалі, паведамляе DW.

Аль-Місамры таксама прадэманстраваў кадры, на якіх відаць, як салдаты LNA дапытваюць меркавана трох чальцоў экіпажа. Агенцтва dpa паведамляе і пра публікацыю фатаграфіі іх пашпартоў. Іншыя падрабязнасці пра месцазнаходжанне маракоў і іх стан здароўя не прыводзяцца.

Падчас грамадзянскай вайны ў Лівіі афіцыйная Анкара падтрымлівала ўрад нацыянальнага адзінства на чале з Фаізам Сараджам. Хафтар і ягоныя паслядоўнікі спрабуюць узяць Трыпалі пад свой кантроль з красавіка.

За некалькі гадзінаў да затрымання судна турэцкі парламент ратыфікаваў пагадненне пра бяспеку і вайсковае супрацоўніцтва з урадам нацыянальнага адзінства Лівіі. Ваенны пакт дазваляе Турцыі накіроўваць ваенных інструктараў і дарадцаў у Лівію. Акрамя таго, Анкара таксама мае дазвол на правядзенне супольных ваенных вучэнняў і можа адпраўляць зброю і ваенную тэхніку ў Лівію.

Апошнія навіны