«Двухпакаёўка» за $ 36,5 тысячы: Топ танных кватэраў Менска, каб набыць да Новага года
- 22.12.2019, 17:24
Падборка кватэраў у сталіцы коштам да $ 40 тысячаў.
Набыць кватэру ў сталіцы, высвятляецца, можна і з адносна невысокім коштам. Вядома, у гэтым выпадку давядзецца забыцца пра добраўпарадкаваныя дамы і чыстыя пад'езды, але часам трапляюцца вельмі нават ахайныя і ўтульныя варыянты. Realt.by зрабіў падборку кватэраў у Менску коштам да $ 40 тысячаў.
Двухпакаёвая кватэра па вул. Машыністаў за $ 36,5 тысячы
У прыватным доме 1952 года пабудовы прадаецца двухпакаёвая кватэра агульнай плошчай 43,5 кв.м. У аб'яве пазначана, што гэта ўтульныя апартаменты, «стан якіх дае магчымасць добра жыць і рабіць рамонт так, як захочацца».
У пешай даступнасці размешчаны гандлёвы цэнтр Outleto, Белгазпрамбанк, крама «Скарбонка», побач – парк «Мышка». А вось той факт, што дом знаходзіцца проста ля чыгункі, уласнік не ўважае вялікім недахопам: «Побач знаходзіцца чыгунка, але цагляныя сцены не дадуць шуму патурбаваць вас. Гэта выдатны варыянт для спакойнага жыцця з магчымасцю хуткага выезду ў горад».
Аднапакаёвая кватэра ў Чыжоўцы за $ 38,5 тысячы
У пяціпавярховым доме 1969 года пабудовы на апошнім паверсе прадаецца аднапакаёвая кватэра. Дом размешчаны на вул. Галадзеда, непадалёк ад «Чыжоўка-Арэна» і Чыжоўскага вадасховішча.
У аб'яве пазначана, што гэта «кватэра ў звычайным стане для рэалізацыі самастойных ідэй рамонту "пад сябе"». У якасці перавагі паказана, што «кватэра ўжо вольная, ніхто не зарэгістраваны, ключы можна атрымаць у дзень угоды».
Аднапакаёвая кватэра на вул. Філатава за $ 38,9 тысячы
У трохпавярховым доме 1960 года пабудовы на другім паверсе прадаецца аднапакаёвая кватэра агульнай плошчай 30,7 кв.м. Дом знаходзіцца ў пешай даступнасці ад ст.м. «Партызанская», побач ёсць некалькі паркаў і Сляпянская водная сістэма.
У аб'яве пазначана, што на кухні ўсталяваны шклопакет з профілем ПВХ, падлогавае пакрыццё – дошка і лінолеум. Таксама ў кватэры ўстаноўленыя прыборы ўліку вады і праведзеная оптавалакновая сетка. Пры капітальным рамонце ўцеплены фасад дома, заменены дах. Побач з домам размешчаныя дзіцячыя сады, агульнаадукацыйная школа, паліклініка, лякарня, радзільня, аптэкі, аддзяленні банкаў, кінатэатр «Камсамолец», супермаркет «Еўраопт», універмаг «Беларусь».
Аднапакаёвая кватэра ў Соснах за $ 38,9 тысячы
У пяціпавярховым доме 1987 года пабудовы на чацвёртым паверсе прадаецца аднапакаёвая кватэра агульнай плошчай 34,2 кв.м. Стандартная планіроўка: жылы пакой 18 кв. м, кухня 7,9 кв. м, сумешчаны санвузел, зашклёная лоджыя з выхадам з пакоя.
На думку ўласніка, «кватэра ў добрым стане: ёсць дамафон, тэлефон, радыятары ацяплення, індывідуальныя лічыльнікі ўліку вады, навясная кухня». Да кватэры ёсць камора, размешчаная на гэтым жа паверсе.
Нягледзячы на тое, што мікрараён Сосны адносіцца да Заводскага раёна Менска, ён усё ж размешчаны на некаторым аддаленні ад сталіцы. З плюсаў тут – добрае свежае паветра, сасновы лес вакол. У аб'яве ў якасці пераваг паказанае добрае транспартнае злучэнне, зручны выезд на МКАД.