BE RU EN

Мікола Казлоў: Галоўнае – гэта шмат новых людзей, маладыя невядомыя твары

  • 22.12.2019, 17:02

Французская радыёстанцыя RFI – пра пратэсты ў Менску.

Мітынг пратэстоўцаў супраць інтэграцыі з Расеяй прайшоў у беларускай сталіцы ў пятніцу. Гэта ўжо трэцяя акцыя ў снежні. Тысячы чалавек прайшлі ўвечары 20 снежня па цэнтры беларускай сталіцы, правялі мітынг недалёка ад Дома ўрада, сталі ў жывы ланцуг насупраць адміністрацыі Лукашэнкі.

За тыдзень да акцыі беларуская апазіцыя змагла дамовіцца пра адзіную праграму кампаніі супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. У адрозненне ад вулічных пратэстаў 7-8 снежня ў акцый 20–21-га з'явіўся аргкамітэт з 15 арганізацый – палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў і рухаў. Кампанія супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі атрымала назву «Абаронім незалежнасць», піша RFI.

ФОТА: RFI / GENNADY SHARIPKIN

Нагадаем, словы расейскага прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева (ці «ўльтыматум Мядзведзева») у канцы мінулага года пра «паглыбленую інтэграцыю» дзвюх краінаў сталі пачаткам доўгага перамоўнага працэсу з закрытым зместам і часам гучнымі заявамі з двух бакоў.

Паводле звестак праваабаронцаў з «Вясны», у дні перад акцыяй больш за 40 чалавек былі выкліканыя ў міліцыю з нагоды ўдзелу ў пратэстах 7–8 снежня – для складання пратаколаў і прафілактычных гутарак. 15 сутак адміністрацыйнага арышту атрымалі каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель і Максім Вінярскі, лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. На 15 сутак асуджаны і адзін з лідараў пратэсту, былы палітвязень Павал Севярынец, але яго адпусцілі з міліцыі дадому – адбываць пакаранне будзе пасля правядзення новых акцый.

«Шмат выйшла, бачылі б вы ў нас у Піцеры – адзіночныя пікеты, – кажа Таццяна Арбацкая, якая прыехала да сваякоў у Менск. – Гэта правільна, што беларусы паказваюць, што не хочуць у Расею. Не думайце, што ўсе там абалваненыя прапагандай, але, вядома, большасць ужо бачыць Беларусь часткай Расеі. Гэта няправільна».

«Галоўнае – гэта шмат новых людзей, маладыя невядомыя твары – гэта вельмі важна», – адзначае Мікола Казлоў.

На шляху ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці калона спынілася ля будынка КДБ – прагучалі прозвішчы зніклых у канцы 90-х беларускіх палітыкаў. У грамадстве зноў пра гэта кажуць – «Deutsche Welle» выпусціла фільм, у якім былы супрацоўнік Гараўскі апавядае пра нібыта свой удзел у выкраданні і таемных пакараннях зніклых. Юрый Гараўскі цяпер знаходзіцца «ў адной з нямецкамоўных краінаў». Аповед Гараўскага, дакладны ён ці не, безумоўна, шырока абмяркоўваецца ў беларускім грамадстве і зноў падняў тэму зніклых апанентаў улады.

ФОТА: RFI / GENNADY SHARIPKIN

На мітынгу насупраць Дома ўрада (дзевяць гадоў таму тут адбыўся жорсткі разгон дзясяткаў тысячаў пратэстоўцаў, «Плошча» застаецца траўматычным успамінам) палітыкі і грамадскія дзеячы казалі пра каштоўнасць незалежнасці і недапушчальнасць хаўрусу з агрэсіўнай краінай-ізгоем. «За вамі – дзясяткі мільёнаў чалавек, якія ведаюць, што такое імперская Расея. Разам мы пераможам нялюдскасць, якая прынесла нам Курапаты (месца сталінскіх расстрэлаў пад Менскам – RFI), рэпрэсіі, таму што гэта не павінна паўтарыцца. Трэба верыць у перамогу. Сёння два старыя чалавекі нешта там падпісалі, але нічога добрага нам гэта не прынясе. Рыхтуйцеся да стварэння страйкавага камітэта, камітэтаў абароны. Пакуль мы змагаемся мірнымі спосабамі», – звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык.

Прайшоўшы па гістарычным цэнтры Менска, маніфестанты зноў прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу, дзе сталі ў жывы ланцуг ля праезнай часткі насупраць адміністрацыі кіраўніка. Міліцыя не перашкаджала, аўтамабілі часта сігналілі ў падтрымку пратэсту. Затрыманняў на акцыі і пасля яе не было.

Апошнія навіны