BE RU EN

Чаму інтэграцыя беднага з бедным яшчэ нікому не прыносіла шчасця

  • 22.12.2019, 16:12

Лепшае і справядлівае жыццё трэба будаваць у сваім доме.

Прафесар Барыс Жаліба адмыслова для «Салiдарнасцi» – пра жыццё расейскіх і беларускіх беднякоў.

– Сярэдні заробак бюджэтнікаў у 2020 годзе перавысіць 920 рублёў. У першую чаргу паскоранымі тэмпамі будуць падымаць заробкі медыкаў, настаўнікаў і нізкааплатных працаўнікоў. Так заявіў міністр фінансаў.

Бюджэтнікаў у Беларусі блізу 1 млн чалавек, або блізу 23% занятых у краіне. Паводле апошніх звестак, у нас налічвалася 37159 дзяржслужбоўцаў. Колькі бюджэтнікаў-сілавікоў – звычайна не афішуецца.

Выдаткі на заробкі працаўнікам бюджэтнага сектара размеркаваліся паводле бюджэтнай сістэмы за дзевяць месяцаў гэтага года наступным чынам: 2,956 рублёў прыйшлося на рэспубліканскі бюджэт, 5,793 млрд – на мясцовыя бюджэты.

З рэспубліканскага бюджэту атрымліваюць заробак сілавікі і цэнтральныя апараты бюджэтных установаў, а з мясцовых – усе астатнія бюджэтнікі.

За дзесяць месяцаў фонд заробкаў у дзяржкіраванні склаў 883,5 млн руб. Фонд заробкаў настаўнікаў – 864,7 млн рублёў, прафесарска-выкладчыцкага складу – 230,5 млн, лекараў – 560,3 млн, сярэдняга медперсаналу – 872,4 мільёнаў даляраў і сацыяльных супрацоўнікаў – 213,3 млн руб. Усяго 2,741,2 рублёў.

Параўнаем: за 9 месяцаў выплачаныя заробкі сілавікам і дзяржчыноўнікам амаль на 3 млрд рублёў і на 2,7 млрд за 10 месяцаў заробку тым самым настаўнікам, медыкам і іншым. Каго ў нас з бюджэтнікаў больш – пытанне рытарычнае. З гэтых лікаў добра відаць, як у Беларусі расстаўленыя заробкавыя прыярытэты розных бюджэтнікаў.

Вось і ў бюджэце наступнага года выдаткі на праваахоўную дзейнасць, судовую сістэму і арганізацыю бяспекі больш чым у два разы перавышаюць выдаткі на ахову здароўя і адукацыю разам узятыя.

Кастрычніцкі сярэдні ў Беларусі заробак склаў 1123 рублі ці 548 адзінак у даляравым эквіваленце. Гэта больш, чым у Казахстане (495 даляраў) і Украіне (395), але менш, чым у Расеі (705 даляраў).

Паводле расейскіх звестак, у 2019 годзе сярэдні заробак у краіне склаў 44 тысячы расейскіх рублёў. У даляравым эквіваленце гэта ніжэй, чым у Кітаі, Бразіліі, Турцыі. Увогуле, лідар СНД у гэтым паказніку на 77-м месцы ў свеце. Але найбліжэй да рэальнасці медыянны заробак, калі ў адной паловы занятых заробак ніжэйшы за гэтую рысу, а ў іншай – вышэйшы. Дык вось сярэдні медыянны заробак у Расеі 34,3 тысячы рублёў, а гэта блізу 540 даляраў у эквіваленце.

Расейскія алігархі моцна статыстычна падцягваюць звычайны сярэдні заробак угору, таму ён на 30% вышэйшы за медыянны.

У Беларусі няма такой жудаснай дыферэнцыяцыі насельніцтва ў прыбытках, як у Расеі. Таму наш медыянны заробак на 20% ніжэйшы за сярэдні. Інакш, ад 1123 рублёў ён складзе недзе 900 рублёў або парадку 440 даляраў у эквіваленце. Калі ў Беларусі дзве траціны занятых не атрымліваюць сярэдні заробак, то ў Расеі – тры чвэрці занятых!

Сярэдняя пенсія ў Расеі парадку 14,5 тысячаў расейскіх рублёў ці прыкладна 230 даляраў, у Беларусі – блізу 220 даляраў. Выснова: розніца ў аплаце працы і пенсіях паміж Беларуссю і Расеяй – сёння амаль ніякая. Асноўная маса насельніцтва ў той і іншай краіне жыве бедна.

Паводле афіцыйных звестак Расстата, у Расеі 13,5% насельніцтва, якое адносяць да катэгорыі бедных (у Беларусі яго дзель разы ў два меншая). Гэта пад 20 млн чалавек. Як пішуць расейскія СМІ, насамрэч гэта не бедныя, гэта афіцыйна ўбогія людзі. Рэальная колькасць бедных, тых, каму ледзь хапае на ежу і найпрасцейшыя патрэбы – гэта 25–30% насельніцтва, гэта значыць, да 45 млн чалавек.

Дзве самыя шматлікія групы сярод расейскіх беднякоў – пенсіянеры (22%) і шматдзетныя сем'і (15%). Таксама і ў Беларусі. Напрыклад, у 10% самых бедных хатніх гаспадарак, гэта значыць, з узроўнем прыбытку на чалавека ніжэйшым за бюджэт пражыткавага мінімуму (231,4), сярэднія рэсурсы на чальца сям'і выйшлі толькі 195,6 рубля за месяц.

У зоне рызыкі, у першую чаргу, шматдзетныя сем'і. З трыма дзецьмі – кожная чацвёртая. 60% шматдзетных сем'яў Беларусі валодаюць рэсурсамі менш за 350 рублёў на чалавека за месяц. Да катэгорыі бедных, да прыкладу, у Нямеччыне таксама адносяць нямала людзей – 16%, 20% у Італіі. Але бедным ў Нямеччыне мяркуецца паводле статыстыкі чалавек з афіцыйным прыбыткам ніжэйшым за 942 еўры.

За кошт экспарту нафты і газу Расея даўно трымае трэцяе месца ў свеце ў памерах золатавалютных рэзерваў, якія перавалілі за 500 мільярдаў даляраў. Але што толку? Паводле звестак тых жа расейскіх СМІ кожны год Расея прадае за мяжу і на ўнутраным рынку нафты на 22 трлн расейскіх рублёў. Чатыры трыльёны сыходзіць на здабычу, транспартаванне і перапрацоўку. Дзевяць трыльёнаў ідзе ў падаткі дзяржаве, а засталыя восем ідуць за мяжу.

Толькі за першыя шэсць месяцаў 2019 года за мяжу сышло 27,3 млрд даляраў. У 2014 годзе за мяжу сышлі рэкордныя 153 млрд даляраў. Куды канкрэтна? У асноўным, у заходнія банкі. Калі такія страты ацаніць за 30 суверэнных гадоў, а расейскія аналітыкі налічылі 200 трлн рублёў, то падобных стратаў краіна не панесла нават падчас Другой сусветнай вайны.

Ну, а пра маёнткі і яхты расейскіх нуварышаў, у асноўным гэта бізнэсмэны і найвышэйшыя чыноўнікі, на Блакітным узбярэжжы Францыі і пра маёнткі ў Лондане, у іншых прэстыжных месцах ведае і ўжо не здзіўляецца гэтаму ўвесь свет.

Ніхто ў свеце так не раскідваецца грашыма. У нафтавай Нарвегіі пры нараджэнні дзіцяці на ягоны рахунак адразу залічваецца 3 тысячы даляраў. Гэты лік увесь час папаўняецца і да паўналецця ўладальніка выліваецца ў суму 100 тысячаў даляраў. Саўдыты дораць нованароджанаму 10 тысячаў даляраў. Потым 80 тысячаў на кватэру і 10–15 тысячаў даляраў студэнтам на вучобу ў самых прэстыжных ВНУ свету. Арабскія эміраты дораць нованароджанаму ажно 150 тысяч даляраў.

Да чаго гэтыя кантраставыя карціны? Некаторыя наіўныя людзі, а такіх у нас нямала, думаюць, што калі беларусы з набыццём расейскага рубля і падданства здабудуць і больш высокія расейскія заробкі (якія там не павышаюцца ўжо 6 гадоў запар) і пенсіі, то гэта не так.

Інтэграцыя, тым больш аб'яднанне, беднай дзяржавы з беднай яшчэ нікому не прыносілі шчасця. Лепшае і справядлівае жыццё трэба будаваць у сваім доме.

Апошнія навіны