У Пецярбург прыбыла новая партыя ўранавых «хвастоў»
- 22.12.2019, 15:26
600 тонаў гексафтарыду ўрану прывезлі на караблі.
У Пецярбург прыбыў карабель "Міхаіл Дудзін", на борце якога знаходзіцца 600 тонаў уранавых "хвастоў" – гексафтарыду ўрану.
Дзяржкарпарацыя "Расатам", якая займаецца перавозкай "хвастоў", запрасіла ў порт паглядзець на разгрузку дэпутатаў Заканадаўчага сходу Пецярбурга. Пра гэта карэспандэнту сайта Север.Реалии апавёў дэпутат Барыс Вішнеўскі. Усяго ў мерапрыемстве ўдзельнічалі блізу 10 парламентарыяў, у ліку якіх былі дэпутаты ад "Адзінай Расеі", "Справядлівай Расеі", КПРФ і "Яблока".
Вішнеўскі апавёў, што парламентарыям паказалі разгрузку кантэйнераў з гексафтарыдам урану. "Памералі радыяцыйны фон. Фон нармальны. Але праблема ж не ў гэтым, а ў магчымых пазаштатных сітуацыях", – паведаміў дэпутат.
Паводле ягоных словаў, уранавыя "хвасты" з Пецярбурга праз чыгунку накіруюць на палігон у Новаўральск.
Уранавыя "хвасты" вязуць з Нямеччыны праз Пецярбург на расейскія палігоны. Першую партыю "хвастоў" разгружалі ў Пецярбургу за 500 метраў ад жылых дамоў. "Расатам" запэўнівае, што прададуць назад у Нямеччыну частку даўзбагачанага ўрану. Рэшткі ў дзяржкарпарацыі хочуць выкарыстоўваць праз некалькі гадоў у якасці паліва ў рэактарах на хуткіх нейтронах, якія "Расатам" хоча пабудаваць.
Эколагі не вераць у планы і мяркуюць, што пад "хвастамі" на самай справе ўвозяць радыеактыўныя адкіды, ад якіх нямецкі завод пастанавіў пазбавіцца. Актывісты расейскага аддзялення Грынпіс праводзілі акцыі супраць увозу "хвастоў".
Каля станцыі метро "Гасціны двор" з'явілася некалькі бочак з пазначэннем ядзерных адкідаў. Пазней паліцыя затрымала кіраўніка праекта энэргетычнага аддзела руху Грынпіс Расея Рашыда Алімава, які ўдзельнічаў у акцыі.