Макрон пастанавіў адмовіцца ад прэзідэнцкай пенсіі
- 22.12.2019, 15:12
Прэзідэнт Францыі абгрунтаваў гэта жаданнем «дзейнічаць у адпаведнасці з сітуацыяй у краіне».
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пастанавіў загадзя адмовіцца ад пенсіі, якую ён павінен будзе атрымліваць пасля заканчэння знаходжання на пасадзе кіраўніка дзяржавы.
Пра гэта апавёў адзін з дарадцаў прэзідэнта з Елісейскага палаца, паведамляе Le Parisien.
Пастанова Макрона тычыцца як пенсіі, якая належыць яму пасля заканчэння першага прэзідэнцкага тэрміну, што мінае ў траўні 2022 года, так і той, якая можа яму выплачвацца ў выпадку, калі ён застанецца на другі тэрмін да 2027 года.
Паводле словаў дарадцы, Макрон таксама адмовіўся ад належнага яму паводле закону пажыццёвага посту ў Канстытуцыйнай радзе.
Як падкрэслілі ў Елісейскім палацы, пастанова Макрона абгрунтаваная жаданнем «дзейнічаць у адпаведнасці з сітуацыяй у краіне».
«Мы жывем у часы, калі выбарныя асобы павінны падаваць прыклад сваім паводзінамі», – дадаў дарадца.
Пенсія былога прэзідэнта Францыі складае € 6220 у месяц. Гэтая сума не залежыць ні ад тэрміну знаходжання на пасадзе прэзідэнта, ні ад ягонага ўзросту або асабістага набытку.
У Францыі трэці тыдзень доўжацца страйкі і акцыі пратэсту супраць пенсійнай рэформы.
Яна прадугледжвае скасаванне магчымасці ранняга выхаду на пенсію ўжо з 50 гадоў для шэрагу катэгорый працаўнікоў.
Запланавана таксама, што пенсіі надалей будуць налічваць паводле сістэмы пунктаў, каб стымуляваць людзей даўжэй заставацца на рынку працы.
Пазней урад пайшоў на значныя саступкі, каб змены закранулі меншую колькасць грамадзянаў, чым планавалася раней. Новыя правілы будуць распаўсюджвацца толькі на грамадзянаў, якія нарадзіліся ў 1975 годзе і пазней.