Ашраф Гані перамагае на выбарах прэзідэнта Афганістана
- 22.12.2019, 12:43
Прэм'ер-міністр мае намер аспрэчыць вынікі галасавання.
Паводле папярэдніх вынікаў, дзейны прэзідэнт Афганістана Ашраф Гані перамагае на прэзідэнцкіх выбарах, якія адбыліся ў канцы верасня. Ён атрымаў 50,64 адсотка галасоў выбарцаў, яго найбліжэйшы апанент, прэм'ер-міністр Абдула Абдула - 39,52 адсотка, паведаміла ў нядзелю, 22 снежня, старшыня Незалежнай выбарчай камісіі (НВК) Хава Алам Нурістані, паведамляе dw.com.
На трэцім месцы - экс-прэм'ер, былы лідар афганскіх маджахедаў Гульбеддзін Хекматыяр з вынікам 3,85 працэнта. На працягу трох дзён кандыдаты, што ўдзельнічалі ў выбарах, могуць апратэставаць папярэднія вынікі галасавання. Калі будуць абвешчаныя канчатковыя вынікі, пакуль не вядома. Калі вынік Гані пацвердзіцца, то другі тур не спатрэбіцца.
Прэм'ер-міністр Абдула мае намер аспрэчыць вынікі галасавання
Кіраўнік урада нацыянальнага адзінства Абдула Абдула яшчэ 30 верасня заявіў пра сваю перамогу. «У апошнія два дні мы праверылі вынікі выбараў па ўсіх правінцыях краіны і прыйшлі да высновы, што ў нас большая колькасць галасоў», - адзначыў ён. Пасля Абдула неаднаразова заяўляў пра намер апратэставаць вынікі галасавання. Між іншым, у сярэдзіне снежня ён паведаміў пра 300 тысяч несапраўдных галасоў.
Прэзідэнцкія выбары ў Афганістане адбыліся 28 верасня. Усяго ў прэзідэнцкай гонцы ўдзельнічалі 18 кандыдатаў. Назіральнікі адзначалі вельмі нізкі прыход. Магчыма, ён быў звязаны з тым, што талібы заклікалі насельніцтва байкатаваць галасаванне, пагражаючы ў адваротным выпадку здзейсніць тэракты. Падчас папярэдніх выбараў абодва галоўныя кандыдаты, Гані і Абдула, абвясцілі пра сваю перамогу. Пры падтрымцы тагачаснага прэзідэнта ЗША Барака Абамы быў знойдзены кампраміс: прэзідэнтам стаў Гані, а Абдула - прэм'ер-міністрам.
Першапачаткова вынікі выбараў планавалася агучыць 19 кастрычніка, аднак кіраўнік НВК Нурыстані абвясціла пра перанос тэрмінаў.