Міністарка працы Касцевіч заявіла пра «плюсы» павышэння пенсійнага ўзросту
- 22.12.2019, 12:10
Ці ведае чыноўніца пра рэальнае становішча беларускіх пенсіянераў?
Павышэнне пенсіённага ўзросту на фоне старэння насельніцтва дапамагае дасягнуць «стабілізацыі сітуацыі з самім фондам і не скарачаць яго даходную частку». Пра гэта заявіла міністарка працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касцевіч у эфіры тэлеканалу БТ-1, паведамляе euroradio.fm.
«Павышэнне пенсійнага ўзросту ўсё-такі дазваляе ў Беларусі штогод павялічваць пенсіі», - кажа міністарка.
Касцевіч таксама дадала, што за год тэмп росту пенсіі склаў больш за 113% з улікам інфляцыі:
«Калі мы гаворым пра лістапад 2019-га, то сярэдняя пенсія па ўзросце - 446 рублёў. У параўнанні з лістападам мінулага года яна павялічылася больш чым на 50 рублёў».
З 2020-га года жанчыны будуць сыходзіць на пенсію ў 57 гадоў, а мужчыны ў 62.
У інтэрв'ю Charter97.org лідар незалежнага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч жорстка адказаў уладам на чарговае павышэнне пенсіённага ўзросту. На яго думку, чыноўнікі не ўлічваюць рэальнага становішчы беларускіх пенсіянераў і працягласці жыцця беларускіх мужчын на пенсіі. Прафзвяз РЭП у сваёй «Платформе», якая змяшчае 32 народныя патрабаванні да ўлады, запатрабаваў увесці мараторый на павышэнне ўзросту выхаду на пенсію на ўзроўні 2019 года (56 гадоў жанчыны і 61 год мужчыны). Прафзвяз РЭП таксама патрабуе ад уладаў знізіць з 20 да 10 гадоў мінімальны страхавы стаж.