Узнікла яшчэ адна перашкода для «Паўночнай плыні-2»
- 22.12.2019, 11:37
Найбліжэйшы карабель для яе ліквідацыі можа прыплыць толькі праз два месяцы.
У выпадку канчатковай пастановы швейцарскай Allseas не ўдзельнічаць у пракладцы труб на дне Балтыйскага мора ў рамках будаўніцтва газаправода «Паўночная плынь-2», Расеі давядзецца шукаць альтэрнатыўныя караблі. Аднак, як паведамляе S&P Global Platts, праблема заключаецца ў тым, што не ўсе яны змогуць працаваць у дацкіх тэрытарыяльных водах, піша РБК.
Як раней паведамляў партал Neftegaz.ru, у якасці альтэрнатывы суднам Allseas разглядалася трубаўкладачная баржа Fortuna, якая ў ліпені на распараджэнне Дзмітрыя Мядзведзева ўвайшла ў спіс суднаў, дапушчаных да ўдзелу ў будаўніцтве марской часткі газаправода. Аднак у S&P Global Platts паказваюць, што тыя работы на вялікай глыбіні, што засталіся, неабходна правесці ў тэрытарыяльных водах Даніі. У адпаведнасці ж з заканадаўствам гэтай краіны Fortuna працаваць там не мае права, таму што ў яе няма сістэмы дынамічнага пазіцыянавання. Да таго ж пры дапамозе Fortuna можна ўкладваць усяго па кіламетру ў дзень.
Сістэма дынамічнага пазіцыянавання ёсць у судна «Акадэмік Чэрскі», які «Газпром» купіў тры гады таму. Аднак у гэтым выпадку праблема заключаецца ў тым, што «Акадэмік Чэрскі» выкарыстоўваецца на Далёкім Усходзе. Каб яму дабрацца да Даніі, спатрэбіцца блізу двух месяцаў.
Напярэдадні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў бюджэт Міністэрства абароны ЗША, у які сенатары ўключылі санкцыі ў дачыненні да «Паўночнай плыні-2» і «Турэцкай плыні». Абмежавальныя меры супраць прадпрыемстваў, якія падаюць судны для пракладкі труб па дне Балтыйскага мора, прадугледжваюць блакаванне ўсіх амерыканскіх актываў і забарону на аперацыі з гэтымі кампаніямі.
Пра замарозку работ пасля гэтага паведаміла швейцарская Allseas. У Nord Stream 2 (аператары «Паўночнай плыні-2») адначасова заявілі пра намер завяршыць праект у «максімальна кароткі тэрмін».