Якую ялінку лепш купіць - штучную або сапраўдную?
- 22.12.2019, 10:01
Аргументы «за» і «супраць» падчас самага важнага выбару ў святочныя дні.
Многія людзі не ўяўляюць Новы год без ялінкі. Сапраўдная ці штучная - кожны вырашае сам, але ў абодвух выпадках важны якасны выбар, пішуць naviny.by.
Штучная, затое вечназялёная
Як бы гэта дзіўна не гучала, але пры выбары штучнай елкі або хвоі вельмі важныя тактыльныя адчуванні, як і пры выбары сапраўднай.
Штучную елку трэба патузаць за галінкі, паспрабаваць іх сагнуць, а яшчэ павадзіць рукой узад-наперад па іголках, сціснуць іх у кулаку.
Гэта робіцца для таго, каб вызначыць якасць «навагодняга вырабу». Калі нешта пайшло не так (напрыклад, іголкі абсыпаюцца, а галіны не ўсе выпрамляюцца), то перад вамі дрэнная прадукцыя.
Акрамя таго, елку трэба панюхаць: рэзкага хімічнага паху ні ў якім разе быць не павінна.
Затым вам трэба будзе азнаёміцца з пакаваннем вырабу.
Перш за ўсё, важная інфармацыя аб тым, ці ўжываліся ў вытворчасці шкодныя хімікаты і таксіны. Пераканайцеся таксама, што гэта не проста бяспечны, але яшчэ і гіпаалергенны матэрыял.
Важная ўласцівасць штучнай ялінкі - вогнетрываласць. Шукайце на ўпакоўцы (у інструкцыі) слова «антыпрэн». Калі яно ёсць, значыць, выраб надзейна абаронены ад агню.
Абыходзіце бокам «папяровыя» елкі, зробленыя з цэлюлозы. Выпадковая іскра ці нагрэтыя гірлянды могуць лёгка запаліць яе.
Наогул пільна вывучайце ўсе звесткі аб сертыфікацыі - яны павінны быць перакладзеныя на расейскую або беларускую мову.
Краіна-вытворца і імпарцёр таксама важныя, але яшчэ больш - адрасы і кантактныя тэлефоны саміх кампаній, каб у выпадку непрыемнасцяў можна было накіраваць ім скаргі.
Еўрапейскія вытворцы забяспечваюць свае вырабы поўнай дакументацыяй. Яны выпускаюць якасныя і бяспечныя ялінкі. У Беларусь штучныя елкі і хвоі вязуць, як правіла, з Польшчы. Тавар імпартуецца таксама з Ганконга, Тайваня, Тайланда і Кітая. Пытанні ўзнікаюць, перш за ўсё, да кітайскіх ялінак.
Робячы выбар на карысць штучнай елкі альбо хвоі, памятайце аб тым, што пры іх вырабе выкарыстоўваліся рэсурсы, якія не аднаўляюцца, у дадатак было выдаткавана шмат энэргіі, якая таксама ўтварае вугляродны след.
У дадатак, склад такіх «вырабаў» неаднастайны, праз чаго іх не перапрацоўваюць. А значыць, елка ці патрапіць на сметнік, ці будзе проста спаленая. У абодвух выпадках прыродзе будзе нанесеная непапраўная шкода.
Дарэчы, беларускія рамеснікі цяпер прапануюць арыгінальныя штучныя елкі і хвоі ручной работы. Такія «калядныя дрэвы» робяць у тым ліку з дрэва, прычым з выкарыстаннем толькі бясшкодных лакаў і фарбаў.
Гэтыя елкі выглядаюць вельмі свежа і незвычайна, а галоўнае, іх могуць вырабіць на вашу асабістую замову. Пры жаданні такую драўляную ёлку можна зрабіць самому.
Сапраўдная, затое недаўгавечная
Некаторыя людзі, якія вельмі любяць усё натуральнае, аддаюць перавагу сапраўднай елцы і хвоі, якія трэба самім здабываць, як у старадаўнія часы, а не купляць на ёлачных базарах або ў гадавальніках.
На перыяд навагодніх святаў у Беларусі з году ў год уводзіцца ўзмоцнены рэжым аховы лясоў. Гэта азначае, што лясы будуць старанна патруляваць, прычым не адны леснікі. А на спецыяльных пастах стануць правяраць наяўнасць дакументаў на правоз дрэў.
Грамадзяніну, які трапіцца з сякерай і «доказамі злачынства», пагражае штраф да 50 базавых велічынь (да 1275 рублёў). Фірме ці індывідуальнаму прадпрымальніку такое беззаконне абыдзецца даражэй у 4-6 разоў.
Зразумела, сам вулічны ялінкавы базар, дзе вы будзеце купляць сапраўдную елку ці хвою, павінен быць легальным.
Гэта лёгка даведацца, напрыклад, па тым, ці пакажуць вам на вашу просьбу дазвол на гандаль, а не толькі прыгожы прайс-ліст. І наогул, ці праб'юць чэк пасля пакупкі.
Многія выбіраюць жывую елку, а не сасну. Аднак тут ёсць свае плюсы і мінусы. У елкі ўстойлівы хвойны водар, але яна абсыпаецца хутчэй. Хвоя не так моцна пахне і ў дадатак вельмі смалістая, затое яе іголкі даўжэй застаюцца на галінах.
Спецыялісты раяць пры куплі і елі, і хвоі пастукаць ствалом аб зямлю, каб пераканацца, ці не абсыпаюцца іголкі. А яшчэ разламаць у руцэ хваінкі - ці стане адчувальны лясны, «зялёны» пах?
Акрамя таго, не лішнім будзе праверыць сам ствол дрэва (па ім не павінна ісці цёмная аблямоўка), ацаніць пышнасць і гнуткасць галінак.
Сапраўдныя елкі, хвоі і нават піхты зараз прадаюць у кадках або чыгунах - галоўнае, правільна выбраць і даглядаць за імі.
Спецыялісты раяць купляць такія дрэвы ў гадавальніках. Пры гэтым асаблівую ўвагу варта звярнуць на субстрат, у якім утрымліваецца расліна – ці не перасушаны ён.
Такое жывое дрэва з надыходам вясны можна паспрабаваць пасадзіць у сябе на лецішчы - гэта будзе другое свята для вас, калі яно прыжывецца.