Экспэрт пра будучыню ЕЗ: Істотным з'яўляецца захаванне згуртаванасці
- 29.11.2019, 19:36
Ёсць тры самыя важныя сферы для ЕЗ: эканоміка, клімат і згуртаванасць.
Еўрапарламент у сераду зацвердзіў склад новай Еўрапейскай камісіі. А раней яе ўжо афіцыйная кіраўніца Урсула фон дэр Ляен прадставіла еўрадэпутатам свой план для Еўропы. Яна анансавала, між іншым, экалагічную трансфармацыю, прававыя рэгуляцыі ў лічбавай сферы, барацьбу з анкалагічнымі захворваннямі, а таксама інвестыцыі ў інавацыі, паведамляе «Польское радио».
Урсула фон дэр Ляен казала ў Страсбургу, што Еўрапейскі звяз павінен не толькі развязваць пытанні, звязаныя з крызісам, але таксама глядзець наперад. На працягу апошніх двух гадоў ЕЗ шмат часу і ўвагі прысвяціў выхаду Вялікабрытаніі з Еўрапейскага звязу, але кіраўніца Еўракамісіі ў сваім выступе сказала толькі некалькі прапаноў на тэму брэксіту. Чаму? На гэта і іншыя пытанні адказала Малгажата Банікоўская, экспэрт з Цэнтра міжнародных стасункаў.
- Думаю, гэта паказвае, што брэксіт - гэта кароткачасовы выклік, а ў далёкай перспектыве ёсць больш важныя пытанні. На сённяшні дзень існуе цэлая гама розных тэм, якімі павінна заняцца Еўракамісія. Ёсць тры самыя важныя сферы для ЕЗ. Першая - гэта эканоміка, асабліва выхад са стагнацыі і паскарэнне ўкаранення інавацый, таму што мы па гэтым пытанні адстаем ад ЗША і Азіі. Другая тэма звязана з кліматам, але не толькі ў кантэксце глабальных перамоў. Еўропа хоча быць лідарам у пытаннях, якія тычацца кліматычных змяненняў, а таксама таго, што мы хочам жыць у чыстым навакольным асяроддзі, у гарадах без смогу. Для гэтага патрэбна глыбокая трансфармацыя нашых эканомік. Палітыкі выказваюцца па-рознаму, мы пачынаем губляць падтрымку нашага - дагэтуль галоўнага - заходняга хаўрусніка, то бок Злучаных Штатаў. Еўропа не будзе лідарам гэтых працэсаў, калі сама не будзе дэманстраваць, што яна зялёная. Трэба аддаваць сабе справаздачу ў тым, што гэта вельмі дарагі працэс, але неабходны, калі мы хочам жыць на здаровай планеце.
- Урсула фон дэр Ляен сказала, што Еўрапейскі звяз зноў сам павінен ставіць глабальныя высокія стандарты.
- Але тут не павінна быць папроку, што, маўляў, Еўропа патрабуе ад усіх, а сама з цяжкасцю з гэтым спраўляецца. Мы настолькі багатыя, што можам самі ўнесці гэтыя змены і яшчэ дапамагчы іншым.
- Калі новая кіраўніца Еўракамісіі казала пра тое, што энэргетычная трансфармацыя павінна праходзіць шчыра, то яна мела на ўвазе не толькі тое, што Еўропа павінна дапамагаць іншым часткам свету, а таксама тое, што ўнутры Еўрапейскага звязу больш багатыя краіны павінны прынамсі разумець, што для менш багатых краін, напрыклад, у нашым рэгіёне, энэргетычная трансфармацыя - гэта нашмат больш складаная задача, чым для такіх краін як Францыя, Нямеччына.
- Я згодна. Але гэта таксама адзін з элементаў, які можа ўплываць на згуртаванасць ў Еўропе. Таму што трэцім, вельмі істотным - і, дарэчы, не зусім відавочным - выклікам з'яўляецца захаванне згуртаванасці ў Еўрапейскім звязе ў такім складзе, у якім ён будзе пасля брэксіту. Гэта згуртаванасць 27 дзяржаў, гэта вельмі вялікая група. Сёння мы, як на далоні, бачым разыходжанні інтарэсаў. Згуртаванасць з'яўляецца настолькі актуальным выклікам на сённяшні дзень, што Еўрапейская камісія стаіць у цэнтры гульні інтарэсаў. Ад новай Камісіі спатрэбіцца вялізная «эквілібрыстыка» палітычных навыкаў (уменняў). Не атрымаецца захаваць еўрапейскую згуртаванасць, калі не будзе агульных першачарговых (вышэйстаячых) інтарэсаў.
- Яшчэ адзін вялікі выклік для новай Еўрапейскай камісіі - гэта праблема міграцыі ў Еўропе.
- Гэта выклік, які яшчэ доўгі час будзе актуальным. Мы ў Еўропе будзем змагацца з праблемай міграцыі яшчэ шмат гадоў. Не варта забываць, што мы маем дзве з'явы: легальнай і нелегальнай міграцыі. Мы хочам ліквідаваць з'яву нелегальнай міграцыі - і тут ёсць кансэнсус - і ўшчыльніць межы, каб не дапусціць такога маштабу міграцыі, які меў месца падчас міграцыйнага крызісу. Калі гаворка ідзе пра легальную міграцыю, то мы хочам ёю добра кіраваць, таму што Еўропа мае патрэбу ў мігрантах, асабліва эканамічных. Існуе пытанне, ці будуць і ў якой колькасці прапановы для іх на рынку працы ЕЗ, якім чынам павінна праходзіць іх інтэграцыя, як паводзіць палітыку іх асіміляцыі. У розных краінах розныя патрэбы.
- Агенцтва Reuters паведаміла пра тое, што Турцыя літаральна за тыдзень да пачатку юбілейнага 70-га саміту NATO блакуе зацвярджэнне планаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, гэта значыць Польшчы і краін Балтыі.
- Гаворка ідзе не толькі пра праблемы з Турцыяй. Мне здаецца, што ў міжнародных стасунках - асабліва, калі паглядзець на адзінства Захаду - мы маем справу з тым, што ўжо няма адзінства, што ў нас ёсць аргументы сілы, а няма сілы аргументаў. Тыя краіны, у якіх ёсць у наяўнасці сіла, ужываюць яе. І Турцыя з'яўляецца ў гэтым сэнсе прыкладам. Гэта другое войска ў NATO. Гэта важны хаўруснік з пункту гледжання інтарэсаў ЕЗ, бо ён забяспечвае нам абарону на паўднёвым флангу, між іншым, ад нелегальнай міграцыі. Такое ўражанне, што новая палітычная рэчаіснасць, у якой мы жывём, заключаецца ў тым, што мы павінны пагадзіцца з тым, што тыя краіны, у якіх ёсць хоць нейкая сіла, будуць яе выкарыстоўваць у перамовах. Я стаўлюся да таго, што робіць Турцыя, як элементу перамоў, толькі да вельмі агрэсіўнага - мы не прывыклі да такой агрэсіўнай гульні.