Прыгоды «Газпрома» толькі пачынаюцца
- 29.11.2019, 22:20
У крамлёўскіх кабінетах паніка.
Украіна перамагла Расею ў Стакгольмскім арбітражы, але гэта яшчэ не канчатковая перамога, над краінай-аўтсайдарам, піша ўкраінскі блогер Злы адэсіт для inforesist.org.
Такім чынам, на днях «Газпром» саступіў са сваёй жа апеляцыяй «Нафтагазу», пададзенай у Стакгольмскі арбітраж, праз якую спрабаваў аспрэчыць пастанову, што абавязвае расейскую манаполію выплаціць «Нафтагазу» $2,56 млрд і назапашаныя адсоткі.
«Газпром» яшчэ абавязаны выплаціць Украіне больш за 1 млн еўраў кампенсацыі за судовыя выдаткі. Акрамя таго Апеляцыйны суд адхіліў запыт расейцаў на магчымасць засакрэціць вынікі справы.
Безумоўна, для расейскай манаполіі гэта чарговае прыніжэнне і ганьба, але напраўду гэта толькі кветачкі, бо ягадкі напраўду - яшчэ наперадзе. І гэтымі ягадкамі стане кампраміс, на які «Газпрому» давядзецца ісці што да падаўжэння кантракту на транзіт праз ГТС Украіны.
Ужо відавочна, што, нягледзячы на вонкава баявы, упэўнены і вясёлы настрой манаполіі, яна не зможа ажыццявіць пастаўкі па газаправодзе «Паўночны струмень-2» цалкам з 1 студзеня 2020 года.
Безумоўна, фактар поўнага запаўнення падземных сховішчаў газу ў Еўропе адыграе сваю ролю і падзенне імпарту расейскага газу ў першы час еўрапейскі спажывец не адчуе, але сама Расея адчуе падзенне экспарту. Прычым, рэзкае і шматмільярднае.
На сёння сітуацыя з транзітам газу з РФ у ЕЗ праз ГТС Украіны настолькі патавая, што нават унутры расейскіх «афіцыйных» элітаў не могуць узгадніць пра што, як і калі хлусіць.
Напрыклад, у той час як Аляксандр Новак абяцае запусціць «Паўночны струмень-2», у 2019 годзе кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер кажа пра тое, што само будаўніцтва толькі скончыцца ў канцы гэтага года (што апрыёры выключае паўнавартасны запуск газаправода), а віцэ -прэм'ер Расеі Дзмітрый Козак заяўляе, што расейскі газаправод «Паўночны струмень-2» і зусім запрацуе не раней сярэдзіны 2020 года.
Што ж, акрамя панікі ў крамлёўскіх кабінетах, Стакгольмскі арбітраж дадаў алею ў агонь. Але па-сапраўднаму будзе горача, калі Расеі давядзецца падпісваць непазбежны для сябе кантракт. У адваротным выпадку будуць страчаныя мільярды, акрамя тых, што і так давядзецца выплачваць Украіне паводле закона.
Ці гатовыя ў Белакаменнай пайсці, у эпоху вострага недахопу валютнай масы на адмову ад украінскай ГТС? Сумняваюся. А таму неўзабаве гаваркія галовы Крамля з блакітных экранаў будуць карміць спажыўцоў інфармацыйнага фаст-фуда чарговай гісторыяй пра фенаменальную шматхадоўку тактычнага генія. Праўда, гаварыць яны гэта будуць скрозь зубы, разумеючы ступень не столькі ўласнага, колькі агульнадзяржаўнага прыніжэння на геапалітычнай арэне.