Беларусы распавялі, куды акрамя зоны Шэнген яны хочуць ездзіць без візы
- 29.11.2019, 17:18
З вялікім адрывам у апытанні лідаруе рэгіён Паўднёва-Усходняй Азіі.
МЗС на афіцыйнай старонцы ў Facebook правяло апытанне аб тым, куды акрамя краін Шэнгена падпісчыкі хацелі б падарожнічаць без візы. Выявілася, што беларусы ў гэтым сэнсе аддаюць перавагу Тайланду, піша tut.by.
«З вялікім адрывам у нашым апытанні лідаруе рэгіён Паўднёва-Усходняй Азіі - 77% супраць 23%. Лідар у краінавым разрэзе - Тайланд», - паведамляецца на афіцыйнай старонцы ўстановы ў Facebook.
Адзначаецца, што МЗС прадметна прапрацоўвае пытанне з нагоды лібералізацыі візавага рэжыму з Тайландам з 2017 года.
«Мы прапануем тайскім партнёрам у якасці першага кроку да лібералізацыі двухбаковага візавага рэжыму разгледзець магчымасць уключэння Рэспублікі Беларусь у спіс краін, грамадзяне якіх маюць права атрымання турыстычнай візы па прылёце ў аэрапорце Тайланда. Аднак гэты працэс зацягнуўся. Але з улікам вынікаў апытання ў нас з'явіліся важкія дадатковыя аргументы, каб надаць яму новы імпульс», - абяцаюць ва ўстанове.