BE RU EN

«Будуць і ў нас тысячы людзей і сцягоў на вуліцах»

  • 29.11.2019, 15:55

Тое, што адчулі ўдзельнікі цырымоніі перапахавання паўстанцаў у Вільні, забыць немагчыма.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» з Маладзечна Анатоль Шабанец падзяліўся з сайтам Сharter97.org уражаннямі ад шэсцяў, якія прайшлі ў Вільні 22 і 23 лістапада:

- Я захацеў паехаць на цырымонію перапахавання паўстанцаў таму, што гэта добрая магчымасць адчуць тую сувязь, якая трымае нашы пакаленні. Я сам па нацыянальнасці - грэк, але мне важная асоба Кастуся Каліноўскага і не чужыя падзеі тых часоў. Я ж жыву ў Беларусі, мне не абыякавы ягоны далейшы лёс.

Людзі, якія выходзілі на бітву са злом, супрацьстаялі магутнаму ворагу - узор таго, якімі павінны быць сапраўдныя патрыёты. Такім быў Каліноўскі. Паўстаць супраць наймацнейшай імперыі свету - гэта неймаверны ўчынак, які будуць шанаваць і памятаць як сёння, так і ў будучыні. Нават камуністы разумелі, што змагацца з Каліноўскім бессэнсоўна.

Больш за ўсё ўразіла, вядома, згуртаванасць, упэўненасць і спакойная сіла беларусаў. Гэта быў шок напраўду. Шэсці, якія прайшлі 22 і 23 лістапада атрымаліся вельмі яскравымі і відовішчнымі. Гэта было ўзрушаюча, была шалёная энэргетыка адзінства.

Для маладых беларусаў, якіх было вельмі шмат у Вільні, такія масавыя шэсці пад нацыянальнымі сцягамі - у навінку. Гэта як быццам вяртанне зроку чалавеку, які быў сляпым. Уявіце, як гэта! Тое, што адчулі ўдзельнікі цырымоніі перапахавання паўстанцаў, забыцца немагчыма. Упэўнены, што ўсё, што было ў Вільні, паўторыцца і ў Менску. Будуць і ў нас тысячы людзей і сцягоў на вуліцах, будзе пачуццё адзінства, будзе і сіла, якая змяце акупацыйную ўладу.

Апошнія навіны