BE RU EN

«Па начох хадзілі вартаваць касцёл, клаліся крыжам»

  • 29.11.2019, 14:30

Як жыхары Гародні абаранялі ад савецкай улады свае храмы.

29 лістапада гарадзенцы ўзгадваюць чарговую сумную гадавіну: 58 гадоў без Фары Вітаўта. Самую старажытную каталіцкую святыню ў горадзе і адну з самых старажытных у ВКЛ узарвалі савецкія ўлады ў 1961 годзе, паведамляе «Белсат».

Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў самым сэрцы старой Гародні, вядомы як Фара Вітаўта, служыў вернікам больш за 500 гадоў. На яго прыступках перад зачыненымі дзвярыма некалі маліўся святы Казімір. Пасля, ужо за расейскай адміністрацыяй, Фару вызначылі перабудаваць у праваслаўны сабор. У 1920-х яе зноў вярнулі рыма-каталікам. Тады неагатычны касцёл і стаў неад'емным сімвалам Гародні - еўрапейскага горада з заходняй архітэктурай.

Аб архітэктурнай і гістарычнай каштоўнасці Фары напісана шмат, але што кажуць гарадзенцы, якія памятаюць і велічны будынак касцёла, і той дзень, калі ён перастаў існаваць?

«Бо былі Саветы: што хацелі, то і рабілі»

«У храм той хадзілі яшчэ перад вайной, бацька нават спяваў там, - распавядае Соф'я Закшэўская 1936 года нараджэння. - У вайну немец там трымаў склады, храм не дзейнічаў. Пасля вайны ўжо Саветы трымалі склады. Мы ўжо не хадзілі... Памятаю, як перад выбухам цэлы дзень вакол касцёла дыгала міліцыя, жаўнеры - усё. Блізка нікога не пускалі. У аснове ж зрабілі дзіркі і заклалі туды не ведаю што...дынаміт, напэўна!»

Са слоў пані Соф'і, падрыхтоўка доўжылася некалькі дзён, а кіравала працэсам жанчына-інжынер з Ленінграда. Будынак побач, на рагу Савецкай вуліцы, умацавалі драўлянымі канструкцыямі: на выпадак, калі Фара ад выбуху абрынецца на бок. Цікава таксама, што сам выбух, са слоў пані Соф'і, адбыўся не ўначы, як звычайна пішуць, а ўвечары.

«Як узарвалі - толькі пыл пайшоў! А касцёл сам асеў уніз. Не ўпаў ні ў які бок, а толькі падняўся трошку і ўпаў. Колькі ж там пылу было... І стаяў пыл доўга. Вядома, людзі былі супраць, але ніхто нічога не тлумачыў. Кожны баяўся нават пару слоў сказаць, нават пар з рота выпусціць. Бо былі Саветы, яны нас і ціснулі, і вывозілі ў Сібір, што хацелі, то і рабілі... Праўда, так было! Божа-божа...»

«Па начох хадзілі пільнаваць, клаліся крыжам»

Сённяшні Фарны касцёл св. Францішка Ксаверыя, які і цяпер стаіць на Савецкай плошчы, размяшчаўся акурат насупраць падарванай Фары Вітаўта. У тыя часы ён быў таксама закрыты і...таксама пад пагрозай руйнавання. Прынамсі гэтага баяліся вернікі: асабліва пасля знішчэння Фары. Пані Соф'я і гэты момант добра памятае:

«Па начох хадзілі пільнаваць, начавалі там, клаліся крыжам, каб не забралі і таго касцёла, які існуе, - сённяшняга Фарнага. Было шмат страху, але што мы маглі зрабіць, як гэты вецер мог падзьмуць у іншы бок... Фарны касцёл не працаваў. Людзі самі адпраўлялі там службы, чыталі псалмы. Самі збіралі грошы, каб выплаціць падатак дзяржаве. Ксёндз туды прыходзіў толькі на Вялікдзень і Каляды.

З цяжкасцю, але перажылі мы ўсё гэта».

На шчасце, не ўсе элементы Фары былі знішчаныя выбухам. Падчас нямецкай акупацыі ў 1942 годзе вернікам удалося перанесці арган у сённяшні Фарны касцёл, дзе інструмент гучыць і дагэтуль. Некаторыя скульптуры, чары і абразы таксама ўдалося выратаваць. Крыж з Фары дагэтуль захоўваецца ў храме на Шчучыншчыне.

«Потым гэтай дарогай танкі ездзілі...»

Але куды пасля выбуху дзеліся сотні тонаў гатычнай чырвонай цэглы?.. Па адказ мы паехалі ў старую вёску Кульбакі, якая сёння знаходзіцца ў межах горада. Выявілася, што савецкія будаўнікі частку цэглы звозілі менавіта сюды.

Узарвалі, а потым пачалі вывозіць, - распавядае жыхарка вёскі Эльвіра Цытук. - Вывозілі вялікімі аўтамабілямі, пераважна ўначы. Часам вялікімі кавалкамі сцен, нават не разбітымі на асобную цэглу. А тут пабудавалі дарогу сярод поля - разбілі, рассыпалі, а зверху прысыпалі пяском. Потым гэтай дарогай танкі ездзілі...»

Грунтавая дарога сярод поля, якую нам паказала пані Эльвіра, сапраўды мае яскрава-чырвонае адценне. Пясок за доўгія гады знік, таму і праступіла гэтая чырвань - ад цэглы з Фары Вітаўта. На ўзбочынах дарогі кожны ахвочы можа знайсці кавалкі цэглы самага старажытнага ў Гародні і аднаго з найбольш старажытных у ВКЛ каталіцкіх храмаў.

Апошнія навіны