BE RU EN

Хлусіць як дыхае: Як і чым любіць выхваляцца Лукашэнка

  • 29.11.2019, 9:59

Дыктатар часта робіць заявы, адэкватнасць якіх выклікае сумневы.

«Салідарнасць» сабрала прыклады, калі ў словы Лукашэнкі было цяжка паверыць.

У асноўным яны датычацца спартовых дасягненняў і стасункаў з «моцнымі гэтага свету».

Cпартовец і рыбалоў

Пасля вяртання з ААЭ ў пачатку лістапада Лукашэнка апавёў пра тое, як праводзіў вольны час у Эміратах:

– Пачалі бегаць. Я ў сваім узросце – 15 кіламетраў з раніцы. Дыхаць няма чым, спякота несусветная. Вось бягу і думаю (пра беларускіх спартоўцаў), як яны там, у Досе (на чэмпіянаце свету ў лёгкай атлетыцы, які праходзіў у Катары). Цэлы тыдзень: раніцай трэніроўка дзве гадзіны, увечары трэніроўка – ужо зусім іншы від спорту і лазня. Думаю: вытрымаю ці не вытрымаю.

Узрост Лукашэнкі (яму 65 гадоў) і спёка ў ААЭ – не галоўныя перашкоды для таго, каб паверыць у словы кіраўніка. Бо ён сам раней апавядаў, што перастаў гуляць у футбол і заняўся хакеем праз боль у калене. Вядома таксама, што на калене яму рабілі аперацыю.

Сваімі спартовымі дасягненнямі Лукашэнка хваліцца ўвесь час знаходжання «на пасадзе». Да прыкладу, у 90-я ён апавядаў пра поспехі ў тэнісе:

– Ельцын са мной на корце не спраўляецца, Каржакоў не спраўляецца, Лужкоў саступіў тры разы.

Гэта пры тым, што Лукашэнка паводле ўзросту трапляў у сыны расейскаму прэзідэнту і мэру Масквы.

Аднойчы кіраўнік надумаў здзівіць суграмадзянаў і дасягненнямі ў рыбнай лоўлі.

– Я, праўда, такі рыбак, як і паляўнічы, але часам дзяцінства ўспамінаю: сяду, паспрабую... Там рыбы не было, на Прыпяці. І вось за гэты час палец сунеш – за палец рыба хапае. Я асабіста 57 кілаграмаў сома выцягнуў! 57, 24 і 7 кілаграмаў – тры самы злавіў, – запэўніў Лукашэнка ў 2013-м.

Што цікава: вылаўленая ім рыба апынулася амаль у тры разы большая за шчупака, якога злавіў Уладзімір Пуцін на адпачынку ў Тыве.

Следчы

Аднойчы Лукашэнка заявіў, што без якой-небудзь падрыхтоўкі раскрыў забойства за адны суткі!

Летась кіраўнік апавёў, як да яго звярнуўся бацька забітай жыхаркі Магілёва: падазраванага ў яе забойстве следства некалі адпусціла.

– Я сеў і сам за суткі вывучыў справу. І даў каманду пракурору і старшыню КДБ, чаго б ні каштавала, расследаваць гэтую крымінальную справу. Нягодніка знайшлі ў Расеі, прывезлі ў Менск, распачалі зноў крымінальную справа, пачалі расследаваць. Пры тым я кантраляваў увесь гэты працэс. І апынулася, што ён – забойца. А яго фактычна апраўдалі, – паведаміў кіраўнік.

Юрыя Іванова асудзілі на 21 год пазбаўлення волі.

«Сябар» уладных людзей

Гэтай восенню кіраўнік здзівіў двума прызнаннямі.

– У мяне ёсць электрычная машына «Тэсла», я часам яе тэстую. Маск падараваў – убачыў мяне на матацыкле і кажа: «Што гэта ў вас прэзідэнт на двухколавым (матацыкле) ездзіць?» – запэўніў Лукашэнка школьнікаў.

Праўда, чамусьці Ілан Маск гэтае сцвярджэнне аспрэчыў.

Праз месяц кіраўнік Беларусі расказаў пра добрыя стасункі з былым прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам:

– Я Ельцыну кажу: «Слухай, Барыс, давай яму прапануем пасаду?» Ён на мяне глядзіць сур'ёзна: «Якую?» Я кажу: «У саюзную дзяржаву яго возьмем кіраўніком, ён жа ў нас усё роўна з нашай падачы будзе развязваць там праблемы». Ельцын зычным голасам зарагатаў, што ўсе на нас звярнулі ўвагу. Клінтан таксама смяецца, але не разумее, пра што мы гаворым. Перакладчык яму перавёў – ён яшчэ больш пачаў смяяцца.

Апошнія навіны