Карабель з уранавымі «хвастамі» прыбыў у порт Санкт-Пецярбурга
- 29.11.2019, 9:31
Радыеактыўныя адкіды з Нямеччыны выгружалі за 500 метраў ад жылых дамоў.
Грузавы транспартны карабель "Міхаіл Дудзін" з 600 тонамі збедненага гексафтарыду ўрану (так званымі ўранавыя "хвастамі") прышвартаваўся ля прычала №40 у марскім порце Санкт-Пецярбурга. Пра гэта ў чацвер, 28 лістапада, паведаміла на сваім сайце выдавецтва "Марскія весці Расеі". Пра прыбыццё сухагруза сведчаць і звесткі сэрвісу ў адсочванні караблёў у рэальным часе MarineTraffic, паведамляе dw.com.
"Гэта не вялікая таямніца, але спецыфіка грузу такая, што балакаць не хочацца. Шум палітычны. І ў зялёных прэтэнзіі не да перавозкі, а да самога ўвозу гексафтарыду ўрану ў Расею", – падкрэсліў уладальнік карабля Уладзіслаў Аўсяннікаў.
За 500 метраў ад дамоў
Паводле інфармацыі выдання "Фонтанка", пераход з якарнай стаянкі перад Кранштатам, дзе карабель знаходзіўся з 26 лістапада, заняў блізу трох гадзінаў. Прычал №40 размешчаны літаральна за 500 метраў ад жылых дамоў на кананерскім востраве, удакладняе выданне.
Пасля швартоўкі 80 кантэйнераў перагрузілі для адпраўкі па чыгунцы ў Новаўральск Свярдлоўскай вобласці, дзе знаходзіцца ўстаноўка для перапрацоўкі гэтага вiду адкідаў у паліва для АЭС.
Сардэчна запрашаем на звалку!
Як паведамілі ў сваім блогу супрацоўнікі міжнароднай няўрадавай арганізацыі Greenpeace, пасля прыбыцця грузу актывісты разгарнулі пры выездзе з марскога порта жоўты банер з надпісам "Сардэчна запрашаем на звалку!"
Пры гэтым актывісты нагадалі, што акцыі пратэсту супраць увозу ўранавых "хвастоў" адбыліся ў шэрагу расейскіх гарадоў, у тым ліку Санкт-Пецярбурзе, Маскве, Чэлябінску, Кіраве, Казані і Новаўральску.
Так, 25 лістапада, ля генконсульства Нямеччыны ў Санкт-Пецярбургу прайшлі пікеты. У нядзелю, 17 лістапада, у нямецкім горадзе Гранаў, адкуль быў выпраўлены груз, ля завода для ўзбагачэння ўрану таксама быў арганізаваны мітынг.
"Расатам": Сыравіна захоўваецца бяспечна
Раней у афіцыйным каментары DW дзяржканцэрн "Расатам" заявіў, што сыравіна захоўваецца бяспечна, у Расею паступае збеднены ўран на перапрацоўку, пасля чаго ён вывозіцца назад за мяжу.
Матэрыял, які застаецца пасля ўзбагачэння ўрану, з'яўляецца будучай сыравінай для вытворчасцей паліва для рэактараў, а яго запасы – гэта "стратэгічны рэзерв для атамнай энэргетыкі будучыні", адзначылі ў "Расатаме".
У Greenpeace у адказ задалі пытанне – навошта прадаўжаць увозіць у Расею гэты "стратэгічны рэзерв", калі яго, паводле словаў актывістаў, "і так сабралася да мільёна тонаў".
Кантэйнеры ляжаць пад адкрытым небам у велізарных колькасцях. Вядома, у агляднай перспектыве ніхто гэта ніяк не будзе выкарыстоўваць ", – заявіў у інтэрв'ю DW прадстаўнік Greenpeace Рашыд Алімаў.