Генадзь Фядыніч: Міжнародная арганізацыя працы запытала ўсе дакументы ў «справе прафесійных звязаў»
- 29.11.2019, 9:07
Лідар прафзвязу РЭП пракаментаваў так званую «амністыю».
Пракурор Цэнтральнага раёну Менска паведаміў лідару незалежнага прафзвязу РЭП Генадзю Фядынічу пра тое, што апошні трапляе пад дзеянне закона аб амністыі, прынятага да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пішуць naviny.by.
Аналагічнае паведамленне ад пракурора Фрунзенскага раёна атрымаў і Ігар Комлік, паведамляецца на сайце РЭП.
«У адпаведнасці з пастановай мне скарачаецца тэрмін адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу часткова на адзін год, – растлумачыў Фядыніч. – На гэтым тыдні мы падаем скаргу ў Вярхоўны суд пра скасаванне абсурднай пастановы суда Савецкага раёна, якую пацвердзіў Менскі гарадскі суд, – такой пастановы ўвогуле не павінна быць. Паўтаруся: мы асуджаныя незаконна. І калі Вярхоўны суд не скасуе гэтай пастановы, у нас застаецца адзін шлях – Камітэт у правах чалавека ААН».
Паводле словаў Фядыніча, «Міжнародная арганізацыя працы запытала ва ўрада «справу прафзвязаў», усе дакументы: МАП таксама хоча зразумець, якім чынам кіраўнікі прафзвязаў (не бізнэсмэны!) сталі вінаватыя ў нявыплаце падаткаў і атрымалі ад гэтага нейкі прыбытак».
«І мы, і прафзвяз маюм намер дамагацца скасавання прысуду як незаконнага. Тым больш што і да пачатку судовага працэсу, і пасля яго распаўсюджваўся паклёп пра нас – мы і гэта не забыліся. Іншая рэч, што мы аддаём прыярытэт праблемам людзей, на свае не хапае часу», – падкрэсліў Комлік.
24 жніўня суд Савецкага раёна Менска прызнаў лідараў прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК) і асудзіў да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з пяцігадовай забаронай займаць кіроўныя пасады.
Суд прызнаў прафзвязных дзеячаў вінаватымі ў тым, што яны «выкарыстоўвалі асобаў, якія не пасвечаныя ў злачынны характар дзеянняў, для перавозкі грошай з-за мяжы, што не рэгістраваліся ў дэпартаменце гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта». Наўмысна скажаючы звесткі ў бухгалтарскім уліку, лідары прафзвязу РЭП, як мяркуе суд, ухіляліся ад выплаты падаткаў.
Суд таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачаных 47 560 рублёў і судовыя выдаткі – 1400 рублёў.
Фядыніч і Комлік віны не прызналі.