Беларусь заняла 11-ае месца на дзіцячай «Еўравізіі»
- 24.11.2019, 20:59
Пераможцам другі год запар стала Польшча.
У польскім горадзе Глівіцэ 24 лістапада адбыўся штогадовы дзіцячы конкурс песні «Еўравізія». У ім перамагла прадстаўніца Польшчы Вікі Габар. Гэта другі запар поспех нашых заходніх суседзяў на гэтым конкурсе. Беларусь заняла 11 месца, піша tut.by.
Віке Габар - 12 гадоў, і яна чымсьці падобная (хоць і аддалена) на пераможцу дарослай «Еўравізіі-2012» Лорын.
Дзяўчына нарадзілася ў Нямеччыне, пайшла ў школу ў Вялікабрытаніі, зараз жыве ў Польшчы. Сёлета яна стала фіналісткай польскай версіі шоў «Голас. Дзеці».
Першы трэк Вікі, які выйшаў у лютым 2019-га, ужо набраў больш за два з паловай мільёнаў праглядаў на YouTube, а ў Instagram у яе ўжо больш за 65 тысяч падпісчыкаў (чым гэта не мара 12-гадовага падлетка?).
На дзіцячай «Еўравізіі» яна выканала песню Superhero.
Як галасавалі
Сёлета за перамогу змагаліся дзеці і падлеткі з 17 краін Еўропы, а таксама з Аўстраліі і Казахстана.
Пераможца сёлетняга конкурсу вызначыўся традыцыйным чынам: вынікі галасавання гледачоў былі падсумаваныя з вынікамі выбару нацыянальнага журы ад кожнай з краін-удзельніц.
Выніковы вынік наступны: Польшча - 278 балаў, Казахстан - 227, Гішпанія - 212. У Беларусі 92 балы і 11 месца.
Нацыянальнае журы паставіла на першае месца Казахстан - 148 балаў. На другім месцы была Польшча (112), на трэцім - Гішпанія (108). Беларусь атрымала 44 балы - і 11 месца. За нас прагаласавалі Італія (10 балаў), Ірландыя (7), Аўстралія, Гішпанія і Арменія (6), Францыя і Мальта (3), Польшча (2) і Нідэрланды (1).
Глядацкае галасаванне пачалося 22 лістапада а 22.00 на афіцыйным сайце Дзіцячай «Еўравізіі» junioreurovision.tv. Яно працягнулася да пачатку фінальнага канцэрту (24 лістапада). Пасля таго, як выступілі ўсе канкурсанты, галасаванне адкрылася зноў, але толькі на 15 хвілін. Згодна з правіламі, можна было выбраць ад трох да пяці ўпадабаных артыстаў, у тым ліку ўдзельніка ад сваёй краіны.
Гледачы паставілі на першае месца Польшчу - 166 балаў. На другое - Гішпанію (104) і Нідэрланды (81). Ад гледачоў Беларусь атрымала 48 балаў.
Хто прадстаўляў Беларусь
Нагадаем, што ў гэтым годзе Беларусь прадстаўляла Лізавета Міснікова.