BE RU EN

Як дзіда Альгерда стаяла каля брамы Масквы

  • 24.11.2019, 20:24

651 год таму вялікі князь літоўскі разграміў маскоўскае войска на рацэ Троена.

Малады маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч, які маючы падтрымку маскоўскіх баяраў і паўночна-ўсходніх земляў, быў незадаволены саюзам ВКЛ з Цвярскім княствам і пагражаў вайной вялікаму князю літоўскаму Альгepду, піша сайт vklby.com.

У мэтах уціхамірвання маскоўскага князя Альгерд хутка арганізаваў вайсковы паход на Маскву. Выкарыстоўваючы сваю любімую тактыку ён, хаваючы свае намеры, і вядучы свае войскі як мага непрыкметней, выйшаў да маскоўскіх земляў, не з боку Цвярскога княства, якое знаходзілася на паўночным захадзе ад Масквы, а з паўднёвага захаду, што было вялікай нечаканасцю для маскоўскага князя Дзмітрыя.

Падыходзячы да Масквы, Альгеpд знішчыў разрозненыя атрады маскоўскай раці, дзе разам са сваімі палкамі загінулі князі Канстанцін Абаленскі і Сямён Старадубскі. Галоўная бітва, паміж войскамі Альгерда і Дзмітрыя Іванавіча, адбылася 21 лістапада 1368 года, на рацэ Троена, прыток Рузы. Цалкам разбіўшы палкі Маскоўскага княства, Альгерд падступіў да Масквы, дзе за крамлёўскімі сценамі, у страху за сябе, схаваўся Дзмітрый Іванавіч, чакаючы штурму горада.

Альгерд, не стаў браць Маскву, магчыма, ён вырашыў паберагчы сілы і сваіх салдат, ведаючы, што зімовыя маразы вось-вось наступяць, а зацяжная аблога будзе вельмі цяжкай і можа скончыцца поўным правалам, але хутчэй за ўсё, ён не стаў захопліваць горад, бо Масква плаціла даніну Залатой Ардзе, з якой Альгеpд не хацеў пачынаць небяспечнай для яго вайны.

Разрабаваўшы прадмесце Масквы і наваколля за тры дні, Альгерд з вялікай здабычай павёў свае войскі назад у ВКЛ, але ўжо іншай дарогай, праз землі, якія не былі кранутыя вайной, і іх можна было па шляху разрабаваць, для забеспячэння харчаваннем шматлікага войска Альгерда.

Апошнія навіны