BE RU EN

На Расею насоўваецца новая хваля падзення банкаў

  • 24.11.2019, 17:33

39% банкаў фіксуюць адток сродкаў насельніцтва, кожны другі губляе карпаратыўных кліентаў, кожны пяты стратны.

Назапашаныя праблемы ў банкаўскім сектары РФ прывядуць да паскарэння тэмпаў адклікання ліцэнзій у канцы 2019 - пачатку 2020 года, гаворыцца ў «Індэксе здароўя банкаўскага сектара», які разлічвае рэйтынгавае агенцтва «Экспэрт РА», піша finanz.ru.

Індэкс адлюстроўвае ацэнку агенцтвам колькасці банкаў, якія дапусцяць дэфолт цягам найбліжэйшых 12 месяцаў.

«Здагадка аб паскарэнні расчысткі сектара ад нестабільных гульцоў да канца года пачынае апраўдвацца. Так, пасля кастрычніка, які прайшоў без крайніх рэгулятыўных захадаў, толькі за першую палову лістапада былі адкліканыя ліцэнзіі ў трох крэдытных арганізацый (у Чувашкрэдытпромбанку, «Экспэрт банку» і «Крэдытінвеста»)», - гаворыцца ў даследаванні.

«Экспэрт РА» чакае, што ў найбліжэйшыя 12 месяцаў ліцэнзіі пазбавяцца не менш за 45 крэдытных арганізацый. На думку аналітыкаў агенцтва, на рынку захоўваецца высокая доля праблемных гульцоў сярод дзейных крэдытных арганізацый. Так, паводле вынікаў апошніх чатырох кварталаў 20% расейскіх банкаў выявіліся стратнымі.

«Характэрна, што пры разліку фінансавага выніку без дынамікі рэзерваў на магчымыя страты доля стратных гульцоў зніжаецца толькі на 5 адсоткаў. З улікам станоўчай адсоткавай маржы ў пераважнай большасці банкаў гэта кажа аб неакупнасці бізнэс-мадэляў значнай колькасці крэдытных арганізацый», - тлумачыцца ў даследаванні.

Стратнасць вядзе да страты капіталу і павышае адчувальнасць банкаў да непрадбачаных стрэсаў ад абясцэнення актываў, адзначаюць экспэрты.

Акрамя таго, у банках назіраецца дэфіцыт устойлівага фандавання - за мінулыя чатыры кварталы 39% банкаў адзначаюць чысты адток сродкаў насельніцтва, а 46% - адток сродкаў прадпрыемстваў.

У «Экспэрт РА» разлічваюць, што частка дэфолтаў, якія чакаліся ў 2019 годзе, будзе адкладзеная на 2020 год. Пасля гэтага імаверны рост індэкса здароўя банкаўскага сектара РФ.

Апошнія навіны