BE RU EN

У Берасці ў знак пратэсту зноў «кармілі галубоў»

  • 24.11.2019, 16:18

Берасцейцы не вераць уладам і ўпэўненыя, што скандальны акумулятарны завод працуе.

Удзень 24 лістапада на плошчы Леніна ў Берасці прайшло традыцыйнае кармленне галубоў у знак пратэсту супраць акумулятарнага завода, піша «Брестская газета».

Асноўнай тэмай сустрэчы стала экскурсія, якую 21 лістапада арганізавалі мясцовыя ўлады, каб «зняць наяўныя ў актывістаў пытанні», і на якую кіраўніцтва прадпрыемства не пусціла лідараў руху супраць завода Дзям'яна Лепясевіча і Дзмітрыя Бекалюка. Не ўнеслі ў спіс тых, хто трапляе на экскурсію, і траіх запрошаных імі спецыялістаў. Актывісты заявілі, што без спецыялістаў на заводзе ім рабіць няма чаго і раз'ехаліся. Але тэлесюжэты і тэкставыя матэрыялы з фота ў СМІ з каментарамі старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука не пераканалі іх у тым, што завод не працуе.

«Я разумею, калі б Рагачук раптам бы туды прыехаў, асабліва ўвечары ў суботу, і паглядзеў, чым яны там займаюцца - гэта было б сур'ёзна. А калі ім за два тыдні сказалі, што будзе экскурсія, давайце, рыхтуйцеся... За гэты час завод можна выдраіць да люстранога бляску. Улады сцвярджаюць, што завод не працуе толькі на падставе таго, што ён не выпускае акумулятары. Хоць мы неаднаразова казалі, што яго праца - гэта і выпуск пласцін, і ўтылізацыя адпрацаванай кіслаты. Ці вядзецца ўтылізацыя адпрацаваных рэшткаў, як яна робіцца, на якой падставе, куды гэта ўсё потым адпраўляецца - на гэтыя пытанні маглі адказаць нашы спецыялісты, але іх на завод не пускаюць», - выказаў сваё меркаванне актывіст Алег Вялаў.

Блогер Аляксандр Кабанаў заявіў, што не можа ўважаць за аб'ектыўную інфармацыю, якую даюць не спецыялісты або зацікаўленыя асобы:

«Было б абсалютна нармальна і з боку «АйПаўэра», і з боку гарадскіх уладаў, калі б туды ўсё ж трапілі Бекалюк і Лепясевіч. І яны б сказалі: так, пытанняў няма, усё нармальна. Не пусціць іх таму, што яны нібыта даюць неаб'ектыўную інфармацыю - час ужо даўно паказаў, што інфармацыю даюць аб'ектыўна менавіта актывісты. І завод стаіць, і ён закансерваваны менавіта таму. Калі б верылі той інфармацыі, якую даюць нашы апаненты, завод ужо даўно б працаваў і былі б вялікія праблемы».

ФОТА: B-G.BY

Актывіст Дзмітрый Бекалюк падкрэслівае: у заяве, што завод ажыццяўляе вытворчую дзейнасць, ён меў на ўвазе не вытворчасць акумулятарных батарэй.

«Тое, што Аляксандр Сцяпанавіч прыйшоў і ўбачыў, што лінія па вытворчасці акумулятараў не працуюць - так, яна не працуе. Але на сустрэчы ў ДК я казаў пра тое, што з'яўляюцца адкіды ад вытворчай дзейнасці: ад разборкі акумулятарных батарэй, ад перапрацоўкі ўжо зробленых пласцін. Тое, што гэтая дзейнасць вядзецца, пацвярджаюць фота і тэлесюжэты, якія я бачыў пасля экскурсіі. Таму і не пусцілі туды спецыяліста - Дзям'яна Лепясевіча. Ён бы паказаў, якія вытворчыя працэсы могуць ісці на заводзе з таго, ў якім стане знаходзіцца абсталяванне».

З ягоных слоў, пасля экскурсіі быў адпраўлены ліст міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэю Худыку з просьбай абавязаць «АйПаўэр» паказаць актывістам дакументы для правядзення грамадскай экалагічнай экспэртызы праекта завода.

Будаўніцтва акумулятарнага завода на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст» пачалося ў канцы 2017 года. Яго запуск першапачаткова планаваўся ў жніўні 2018 года, потым у канцы 2018 года. У 2019 годзе тэрміны таксама не раз падаўжаліся.

Адначасова з будоўляй у Берасцейскім рэгіёне пачалася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ гэтага прадпрыемства. Цягам усяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час заяўляюць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта.

14 чэрвеня старшыня Берасцейскага аблвыканкама Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва акумулятарнага завода да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

З 4 сакавіка мінулага года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць завода. За гэта многіх з іх не раз затрымлівалі і штрафавалі.

Актывісты заяўляюць, што будуць выходзіць на плошчу і несці кругласутачнае дзяжурства каля завода, з фота- і відэафіксацыяй датуль, пакуль прадпрыемства не будзе закрытае.

Апошнія навіны