Скандал у Сербіі: прэзідэнт прызнаў, што сербская зброя магла апынуцца на Данбасе
- 24.11.2019, 14:09
Заява была зробленая падчас візіту ў Паўночную Македонію.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандар Вучыч заявіў, што ягоная краіна не прадавала зброю ва Украіну, аднак прызнаў, што сербскія мінамётныя снарады маглі апынуцца на Данбасе шляхам рээкспарту.
Пра гэта ён заявіў у суботу ў Паўночнай Македоніі, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на сербскі партал N1info.
«Яны (апазіцыя - рэд ..) абвінавацілі нас у забойстве расейскіх дзяцей у Данецку і Луганску, бо мы прадаём зброю ва Украіну. Яны хочуць пагаршэння стасункаў паміж нашай краінай і Расеяй. Яны паказалі дакумент, які павінен прадэманстраваць віну Сербіі», - сказаў Вучыч пра апублікаваныя апазіцыянеркай Марынікай Цепіч дакументы аб сустрэчы прадстаўніка Украіны з прадстаўнікамі сербскага вайсковага завода «Крушык».
Паводле апублікаваных Цепіч звестак, сербская кампанія «Тэхнарэмонт» набыла партыю мін вытворчасці завода «Крушык» у прадаўца Jugoimport SDPR, прадала польскай кампаніі Nattan, прадстаўніком якой фактычна быў грамадзянін Украіны Віталь Дзяменцьеў, а ўжо потым боепрыпасы патрапілі ва Украіну.
Вучыч заявіў, што міністэрства гандлю Сербіі дазволіла кампаніі «Тэхнарэмонт» прадаць зброю польскай кампаніі Nattan, якая ў дакументах, агучаных апазіцыянеркай, названая канчатковым атрымальнікам зброі.
Сербская прэзідэнт запэўніў, што хоць усё было зроблена згодна з законам і ўгода была «чыстая, як сляза», аднак сербскія спецслужбы папярэдзілі Службу замежнай выведкі Расеі аб магчымым рээкспарце ўзбраення ва Украіну.
Вучыч таксама распавёў, што ў агенцтва бяспекі і інфармацыі Сербіі выклікалі ўладальніка кампаніі «Тэхнарэмонт» і казалі яму «не гуляць і не экспартаваць ва Украіну, не пагражаць стасункам з Расеяй».
Варта адзначыць, што ў Сербіі не мае заканадаўчых абмежаванняў на экспарт зброі ва Украіну, аднак факт з'яўлення такой зброі на Данбасе стварае праблемы для Аляксандар Вучыча праз цесныя сувязі паміж Бялградам і Масквой.
Раней баўгарская антызаходняя даследніца Дыляна Гайтанджыева заявіла, што ўкраінскія вайскоўцы на Данбасе, імаверна, выкарыстоўваюць зброю з Сербіі, нягледзячы на тое, што афіцыйна краіна не экспартавала ўзбраення ва Украіну.
22 лістапада міністр унутраных спраў Сербіі Нэбойша Стэфанавіч заявіў, што Сербія не экспартуе зброю ва Украіну і не прадавала міны для выкарыстання ў баявых дзеяннях на Данбасе.