Зяленскі паказаў сімвал адзінства Украіны
- 24.11.2019, 13:48
Прэзідэнт краіны апублікаваў ролік пра мост у станіцы Луганскай.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 24 лістапада апублікаваў у Facebook відэа пра будаўніцтва моста ў станіцы Луганскай Луганскай вобласці. "Мы сапраўды робім! Мост у станіцы Луганскай – не толькі пераправа. Гэта сімвал адзінства Украіны", – напісаў кіраўнік дзяржавы, паведамляе gordonua.com.
З 2016 года ішлі перамовы пра развядзенне сілаў і ўзбраенняў у раёне станіцы Луганскай. Першы этап развядзення адбыўся 26 чэрвеня 2019 года. 27 чэрвеня спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ пацвердзіла, што падраздзяленні "ЛНР" былі адведзеныя ўглыб не кантраляванай украінскім урадам тэрыторыі. 30 чэрвеня ў АБСЕ заявілі, што развядзенне сілаў і сродкаў у станіцы Луганскай скончылася.
17 ліпеня 2019 года трохбаковая кантактная група ў Менску дамовілася пра дэмантаж фартыфікацый каля моста праз раку Северскі Данец у станіцы Луганскай, які быў разбураны пасля боесутыкнення 19 сакавіка 2015 года. На ягоным месцы тады збудавалі часовы драўляны мост.
Падчас размінавання тэрыторый, прылеглых да моста, піратэхнікі ДСНС абследавалі 2 га плошчы ў раёне моста і выявілі 197 выбухованебяспечных прадметаў.
5 кастрычніка ў станіцы Луганскай быў адкрыты часовы пераход, а 20 лістапада – адноўлены мост праз Северскі Данец. Яго закончылі на тыдзень раней, чым планавалася.