Воўк напаў на пенсіянерку ў Сенненскім раёне
- 24.11.2019, 13:24
Ад драпежніка адбіваліся петардамі.
Шалёны воўк прыйшоў у адну з вёсак Сенненскага раёна і пакусаў пенсіянерку. Муж жанчыны спачатку спрабаваў расціснуць драпежніка на машыне, а потым адбіваўся ад яго петардамі. Пра гэты інцыдэнт апавядае раённая газета «Голас Сенненшчыны».
Усё здарылася вечарам, калі пенсіянерка Зінаіда Казлоўская выйшла на вуліцу, каб сустрэцца з знаёмымі, якія ехалі ў Віцебск, і перадаць ім пачастунак. У гэты момант жанчына адчула рэзкі боль у назе, адмахнулася скруткам і ўбачыла, як ёй здалося, сабачы хвост.
Дома жанчына апрацавала і перавязала рану, а яе занепакоены муж, былы паляўнічы, сеў у машыну і паехаў па сельскай вуліцы. Літаральна праз 150 метраў ад дома ён убачыў ваўка, які сядзеў проста на праезнай частцы. Звера не спудзілі ні фары, ні гукавы сігнал, а ягоная пашча была пагрозліва прыадкрытая.
– Я націснуў на газ і праз імгненне адчуў, як звер апынуўся пад машынай. А калі выйшаў, ваўка на асфальце не было, – апавёў раёнцы Пётр Казлоўскі.
Вярнуўшыся дадому, мужчына паведаміў пра тое, што здарылася, у міліцыю, пасля чаго пачуў брэх. Прывязаная ў двары лайка счапілася з тым самым воўкам, які зноў прыйшоў на падворак. Кінуцца бяззбройным на дапамогу сабаку гаспадар адразу не наважыўся. У ход пайшлі петарды. З дапамогай піратэхнікі ваўка атрымалася прагнаць з двара.
Неўзабаве прыехалі медыкі і нарад міліцыі, а праз некалькі гадзінаў – егеры Багушэўскага лясгаса. Да таго часу воўк ужо знаходзіўся за межамі вёскі. Яго высачылі і застрэлілі пры дапамозе карабінаў, аснашчаным цеплавізарам. Лабараторныя аналізы пацвердзілі, што воўк быў хворы на шаленства.