Кітайцы выпрабавалі ядзерную зброю ў моры?
- 24.11.2019, 12:34
Сітуацыя патрабуе маніторынгу.
Паводле вельмі ўрыўкавых звестак, пададзеных незалежным рэсурсам у ЗША, 19 лістапада ў 18:22 паводле ўсходняга часу ЗША, у акваторыі Паўднёва-Кітайскага мора была зафіксаваная сейсмічная анамалія, якая не магла з’явіцца натуральным, геалагічным шляхам, паколькі там няма нічога, што магло б выклікаць падобную падзею, піша вядомы ўкраінскі блогер Аnti-colorados.
Паводле звестак гэтага рэсурсу, амерыканскія вайскоўцы цалкам выключаюць натуральнае паходжанне гэтага штуршка. Яны мяркуюць, што такую магутную сейсмічную хвалю мог выклікаць толькі выбух тактычнага ядзернага зарада магутнасцю 10–20 кілатонаў на глыбіні 50 метраў пад паверхняй мора.
Каментуючы гэтую падзею, спецыялісты адзначаюць, што падобнай карціны не магла даць ні аварыя самай буйной субмарыны, ні выпрабаванне няядзернага боепрыпасу. Занадта вялікай была энэргія выбуху. Аварыя ж падлодкі, нават з ядзернай зброяй на борце, не прывядзе да яе актывізацыі і падрыву. Такім чынам, першыя прыкідкі прычынаў гэтай падзеі зводзіліся да наўмыснага выбуху невялікай ядзернай прылады, магутнасцю прыкладна адпаведнай той, якую мелі бомбы, скінутыя на Хірасіму і Нагасакі ў жніўні 1945 года.
На наступны дзень пасля падзеі, калі пайшлі першыя каментары, спецыялісты паказвалі на тое, што павінен быць след радыеактыўнасці, які абавязаныя зафіксаваць станцыі аўтаматычнага радыяцыйнага кантролю сеткі uRADMonitor, размешчаныя ў гэтым раёне. І вось праз суткі гэта здарылася. Павышаныя ўзроўні радыяцыі далі адразу тры станцыі, размешчаныя на блізкім узбярэжжы. Мы праверылі паказнікі радыяцыі на сайце глабальнай сеткі маніторынгу радыяцыі і сапраўды выявілі анамальна высокі ўзровень, самы высокі на планеце, у гэтыя дні.
Што гэта было, пакуль незразумела, але большасць назіральнікаў сыходзіцца ў меркаванні, што гэта быў выбух кітайскай ядзернай прылады, магчыма, у выглядзе сігналу Штатам пра гатоўнасць ужываць ЯЗ у гэтым рэгіёне. Але мяркуючы з таго, што ніякіх афіцыйных заяваў на гэты конт няма, пасылка прайшла міма. У любым выпадку, нават дэманстрацыйнае выкарыстанне ЯЗ ужо гаворыць пра многае, у тым ліку і пра тое, што "добрыя хлопцы" паводле Трампа, надта ўжо спецыфічна добрыя.
Але сітуацыя вартая маніторынгу, магчыма, з'явяцца нейкія падрабязнасці, якія пацвердзяць або аспрэчаць гэтую версію.