BE RU EN

Ці пакараюць галаварэзаў з «ПВК Вагнера»?

  • 24.11.2019, 12:00

Іх асобы вызначаныя, а дзеянні трапляюць пад нормы Жэнеўскай канвенцыі.

Жудаснае злачынства ў Сірыі садыстаў-наймітаў, якія, паводле звестак «Новай газеты», уваходзяць у склад «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера» («ПВК Вагнера»), выклікала шырокі водгук сярод расейскай аўдыторыі. Пры гэтым у шматлікіх каментарах выказваецца сумнеў, што абуральны выпадак будзе належным чынам расследаваны ў Расеі, а вінаватыя панясуць заслужаную кару, паведамляе «Голас Амерыкі».

Нагадаем, прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў напярэдадні назваў фатаграфіі і відэазапіс расправы «вагнераўцаў» над палонным сірыйцам «шакавальнымі». З такім вызначэннем цяжка не пагадзіцца. Безабароннага чалавека спачатку «апрацоўвалі» кувалдай, потым яму адрэзалі галаву, а потым, паліўшы бензінам, спалілі труп, на якім напісалі «За ВДВ і выведку». І ўсё гэта пад смяшкі і суправаджэнне музыкі.

Але вось наконт таго, ці зоймуцца расейскія кампетэнтныя органы ў абавязковым парадку расследаваннем паводле факта публікацыі, прадстаўнік Крамля быў значна менш пэўны. Паводле ягоных словаў, яны зробяць гэта, калі «палічаць неабходным». Раней Пяскоў, каментуючы жудаснае злачынства, сказаў, што яно ў любым выпадку не мае прамога дачынення да ваеннай аперацыі Расеі ў Сірыі.

Дырэктар праваабарончай групы «Грамадзянін. Армія. Права» Сяргей Крывенка ў інтэрв'ю Расейскай службе «Голасу Амерыкі» заўважыў, што гэтае жорсткае ваеннае злачынства трапляе пад нормы Жэнеўскай канвенцыі. І тут, на ягоную думку, не важна, што яно здзейсненае цывільнымі людзьмі, фармальна не датычнымі да Узброеных сілаў РФ.

«Гэтае злачынства абавязкова павінна расследавацца, і ў Расеі ёсць усе вагары для дзеянняў у рамках экстэрытарыяльнага прынцыпу, – дадаў ён. – Так, злачынства здзейсненае за мяжой, але грамадзянінам Расеі. Таму Расея мае поўнае права расследаваць злачынства і пакараць вінаватых у ім».

Разам з тым праваабаронца не змог сказаць, ці адбудзецца так, як павінна: «У Расеі няма права, а ёсць палітыка, таму ўсё можа пайсці паводле любога сцэнару. Так што ў гэтым сэнсе сітуацыя цалкам цьмяная».

Аднак Сяргей Крывенка перакананы, што трэба дамагацца таго, каб здзейсненае з асаблівым цынізмам злачынства не засталося беспакараным.

Старшыня «Камітэта супраць катаванняў», чалец Рады ў правах чалавека пры прэзідэнту РФ Ігар Каляпін назваў рэакцыю Дзмітрый Пяскова на садысцкае злачынства ў Сірыі «неадэкватнай». У той самы час ён не змог сказаць, ці зацікаўленыя расейскія ўлады ў раскрыцці злачынства ў сілу таго, што там «тырчаць вушы» ПВК-Вагнера.

«У Следчага камітэта, а ў гэтым выпадку, відавочна, што менавіта ён павінен пачынаць крымінальную справу з гэтай нагоды, падставаў дзейнічаць неадкладна больш чым дастаткова, – сцвярджае ён у каментары “Голасу Амерыкі”. – Але ў нас следчыя органы працуюць у ручным рэжыме, прычым не вельмі зразумела, хто ім аддае каманду. Таму цалкам немагчыма прадказаць, ці будуць ужытыя ўсе неабходныя ў адпаведнасці з законам захады, ці не».

На момант падрыхтоўкі матэрыялу пра рэакцыю Следчага камітэта Расеі (СКР) у сувязі з рэзанансным злачынствам нічога вядома не было.

Як уяўляецца Ігару Каляпіну, перад СКР сфармуляваныя іншыя прыярытэты, на якія неабходна аператыўна рэагаваць: «Пры тым што ў крымінальным кодэксе РФ ёсць адпаведны артыкул за найміцтва, ПВК-Вагнера не знікае з навіннай стужкі. Зразумела, што па іх даўно турма плача. Але СКР бяздзейнічае. Хоць раптам, нібы на каманду, лёгка распачынаюцца гучныя крымінальныя справы паводле надуманых падставаў, і кагосьці змушаюць да строгай адказнасці за кіданне пластыкавай бутэлькі (у паліцыянтаў)».

Гэта нейкая псіхалагічная анамалія, рэзюмаваў старшыня «Камітэта супраць катаванняў».

У сваю чаргу, шэф-рэдактар інтэрнэт-выдання Insider Раман Дабрахотаў мяркуе рэакцыю Дзмітрыя Пяскова цалкам лагічнай і прадказальнай. Інакш, на ягоны погляд, Крамлю давялося б, у сутнасці, распісацца ў тым, што ў Сірыі адкрыта дзейнічаюць расейскія найміты, людзі так ці інакш падсправаздачныя федэральным уладам.

«Гэта што тычыцца палітычнай плоскасці праблемы, – падкрэсліў ён у гутарцы з карэспандэнтам “Голасу Амерыкі”. – З прававога пункту гледжання, безумоўна, неабходна распачаць крымінальную справу, паколькі гаворка ідзе пра грамадзянаў Расеі, якія ўчынілі за мяжой цяжкае злачынства з асаблівай жорсткасцю. Я ўжо не кажу пра тое, што сам факт таго, што яны найміты, робіць іх крымінальнымі злачынцамі».

У той самы час журналіст не думае, што ў Расеі магчымае поўнамаштабнае і галоснае расследаванне гэтага злачынства. У адваротным выпадку, на ягоную думку, давядзецца называць рэчы сваімі імёнамі, чаго ўлады дапусціць не могуць.

«Сама канцэпцыя стварэння прыватнай ваеннай карпарацыі, якая дзейнічае ў інтарэсах расейскіх вярхоў, прадугледжвае існаванне пракладкі паміж Крамлём і наймітамі, – мяркуе ён. – Гэта робіцца для таго, каб пазбегнуць адказнасці. Таму пры ўсякіх непрадбачаных абставінах наймітаў заўсёды выстаўляюць нікому не падсправаздачнымі асобамі, якія ўзнікаюць літаральна з ніадкуль».

Хоць дэ-факта яны нярэдка кіруюцца, напрыклад, такой структурай, як ГРУ, вынікаваў шэф-рэдактар Insider.

Тым часам, як паведамляюць СМІ, расейскія журналісты вызначылі асобаў многіх удзельнікаў злачынствы. Адзін з іх – былы супрацоўнік патрульна-паставой службы, звольнены з органаў за «амаралку», іншы перш ваяваў у Чачні, трэці быццам бы забіты пад Дэйр-эз-Зорам падчас авіяналёту амерыканскіх ВПС.

Апошнія навіны