«Голас Амерыкі»: З тысячаў чалавек на ўшанаванні Каліноўскага ў Вільні большасць былі беларусы
- 24.11.2019, 11:54
Амерыканскае выданне напісала пра эпахальную падзею.
У пятніцу ў Вільні ўрачыста перапахавалі 20 кіраўнікоў і ўдзельнікаў студзеньскага паўстання супраць Расейскай імперыі. Выпадковая знаходка чалавечых парэшткаў у самым сэрцы літоўскай сталіцы адкрыла таямніцу паўтаравекавой даўніны, а разам з тым атрымала і палітычнае вымярэнне, паведамляе «Голас Амерыкі».
Усё пачалося ў 2016 годзе, калі на галоўнай славутасці Вільні, гары Гедыміна, адбылася серыя апоўзняў. Пагорак меў патрэбу ў тэрміновым умацаванні грунту, але перад тым, як пускаць экскаватары, да культурнага пласту дапусцілі археолагаў. Яны і натыкнуліся на масавае пахаванне. Паводле вынікаў шматлікіх даследаванняў эксперты прыйшлі да высновы, што парэшткі належаць 20 пакараным за мяцеж супраць Расейскай імперыі. Іх магілы ўважаліся бясследна зніклымі.
Цягам 1863–1864 гадоў на загад царскага генерал-губернатара Мураўёва кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання расстрэльвалі ці вешалі публічна, на плошчы Лукішкі ў Вільні. Целы сваякам не выдавалі, а замест гэтага закопвалі на тэрыторыі расейскага гарнізона на гары Гедыміна, каб прадухіліць паломніцтва да магілаў. Забітых закідвалі ў ямы і засыпалі вапнай.
Аднымі з першых спецыялісты ідэнтыфікавалі парэшткі двух рэгіянальных правадыроў бунту: Жыгімонта Серакоўскага, ваяводы літоўскага і ковенскага, і Вікенція Канстанціна (Кастуся) Каліноўскага, нацыянальнага героя Беларусі, які першым вылучыў ідэю самастойнасці і дэмакратыі для гэтай краіны. Выхадзец з збяднелай шляхты выпусціў першую газету на беларускай мове – «Мужыцкая праўда», на старонках якой заклікаў сялянаў да ўзброенай барацьбы супраць царызму.
Беларускія незалежныя СМІ ўважліва сачылі за раскопкамі ў Вільні і наступнымі падзеямі.
А вось Лукашэнка на афіцыйную цырымонію развітання не паехаў, хоць у ёй удзельнічалі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Замест сябе беларускі кіраўнік дэлегаваў віцэ-прэм'ера Ігара Петрышэнку.
«Для кожнай краіны ёсць свой вобраз Кастуся Каліноўскага, але ён не павінен выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах», – заявіў у сваёй прамове чыноўнік падчас памятнай цырымоніі. Ягоныя словы былі сустрэтыя бурай абурэння з боку беларусаў, якія прыехалі ў Вільню на гістарычную падзею і назіралі за ўрачыстай імшой з вялікіх экранаў на Кафедральным пляцы.
Прэзідэнт Літвы, выступаючы ў Кафедральным саборы, не пазбягаў згадкі адказных за гібель тых, хто змагаўся за незалежнасць сваіх краінаў. «Яны ўступілі ў барацьбу, таму што былі выхаваныя ў культуры арыстакратычнай дэмакратыі і адчувалі невыносны цяжар кайданоў усходняй тыраніі», – заявіў Гітанас Наўседа.
Паводле ацэнак СМІ, цырымонію развітання наведалі тысячы чалавек, большасць з іх – грамадзяне Беларусі.