BE RU EN

Уцёкламу дыктатару адмовілі ў амністыі

  • 24.11.2019, 11:23

Пастанову прыняла новая ўлада ў Балівіі.

Часовы прэзідэнт Балівіі Жанін Аньес у суботу, 24 лістапада, адпрэчыла спробу шэрагу сенатараў, якія прадстаўляюць апазіцыйныя сілы, абвесціць былому прэзідэнту краіны Эва Маралесу амністыю, паведамляе dw.com.

Раней Маралеса абвінавацілі ў тэрарызме і падбухторванні да масавых беспарадкаў. "Нам ясна, што кожны, хто здзяйсняў злачынствы, здзекаваўся з закону, здзяйсняў злоўжыванні, не будзе амніставаны", – заявіла Аньес.

Акрамя гэтага, у суботу сенат Балівіі зацвердзіў закон, які тлумачыць шэраг палажэнняў перад новымі прэзідэнцкімі выбарамі. Сярод іншага, закон забараняе ўсім палітыкам, якія займалі пасады цягам двух апошніх тэрмінаў дзейнасці заканадаўчых органаў, вылучаць сваю кандыдатуру на тую ж пасаду. Такім чынам, удзел Эва Маралеса ў новых прэзідэнцкіх выбарах паводле закону выключаны.

Акрамя таго, закон скасоўвае вынікі выбараў 20 кастрычніка, у рамках якіх Маралес, паводле заяваў мясцовага выбаркама, быў абраны на пасаду прэзідэнта чацвёрты раз.

Тым часам у суботу рэгулярным рэйсам з Балівіі ў Аргенціну вылецелі дзеці Маралеса.

Як паведаміў у твітэры кіраўнік МУС часовага ўрада Артура Мурыльё, дачка палітыка Эваліс Маралес Альварада і сын Альвара Маралес Перада вылецелі праз Перу. Мурыльё ўдакладніў, што бесперашкодны выезд быў гарантаваны распараджэннем Жанін Аньес. "Дзеці не адказваюць за злачынствы бацькоў", – напісала прадстаўніца часовага балівійскага ўрада.

Апошнія навіны