Фотафакт: «Дармаеды» Барысава наладзілі масавае несанкцыянаванае мерапрыемства
- 11.09.2018, 9:06
Уражлівае фота зрабіў барысаўчанін раніцай на чыгуначным вакзале.
Уяўленне пра маштабы штодзённай працоўнай міграцыі жыхароў Барысава ў сталіцу краіны дае фатаграфія, зробленая сёння раніцай Аляксеем Сярчэнем і апублікаваная ў «Типичном Борисове».
Чарга да чыгуначных кас на электрацягнік да Менска вельмі вялікая. І вельмі нагадвае несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, якое чамусьці ніхто не спыняе. А многія барысаўчане, якія працуюць у сталіцы, штодня дабіраюцца туды яшчэ і на асабістым аўтатранспарце, і на маршрутных таксі.
Складваецца ўражанне, што створанай у Барысаўскім райвыканкаме камісіі каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва ёсць сэнс праводзіць выязныя пасяджэнні непасрэдна на чыгуначным і аўтавакзале.
На самай справе, беспрацоўнымі ў Барысаўскім раёне паводле звестак на 1 жніўня 2018 года афіцыйна лічылася 432 чалавекі ці 0,6% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. У той жа час колькасць вольных працоўных месцаў у раёне, калі зыходзіць са спісу вакансій на 5 верасня, значна большая - 650.
І ў той час, калі Барысаўскі раён задыхаецца ад недахопу працоўных рук, перапоўненыя электрычкі вязуць кожную раніцу гэтыя самыя працоўныя рукі ў Менск.