BE RU EN

Баранавіцкая медсястра: Праца навучыла мяне чалавечнасці

  • 17.06.2018, 13:39

Медработніца распавяла, чаму заўсёды ставіць сябе на месца пацыентаў.

Марына Палявік 12 гадоў працуе медсястрой. У траўні гэтага года яна стала пераможцай абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Беларускі майстар-2018» у спецыяльнасці «Медыцынская сястра». Марына Палявік распавяла intex-press.by, чаму выбрала гэтую прафесію, у каго вучылася чалавечнасці і спагадзе, і што самае складанае ў яе працы:

- У дзяцінстве я захаплялася маім дзядзькам, які працаваў хірургам. Я з захапленнем глядзела на ягоны адпрасаваны белы халат, уяўляла, як ён ратуе нечые жыццё, і ў мяне замірала дыханне. І ўжо тады я цвёрда вызначыла: калі вырасту, буду медыкам. У старэйшых класах я доўга вагалася, на якую спецыяльнасць паступаць, і ў выніку выбрала прафесію медыцынскай сястры.

«Хацелася ўсім дапамагчы»

Пасля заканчэння Баранавіцкай медвучэльні я ўладкавалася на працу ў Гарадзішчанскі дзіцячы дом-інтэрнат. Там пражываюць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія маюць патрэбу ў сталым доглядзе.

Ахвотных працаваць у інтэрнаце мала: занадта цяжка маральна і фізічна.

За кожнай медсястрой замацоўвалі групу дзяцей ад 30 да 50 чалавек. Мая група была адной з самых цяжкіх, бо складалася з ляжачых і дзяцей 4-6 гадоў.

Я была 18-гадовай дзяўчынай, мне хацелася ахапіць неабсяжнае: абавязкова ўсім дапамагчы ці хаця б палегчыць жыццё. Прызнаюся шчыра: было складана.

У многіх маіх падапечных былі сур'ёзныя разумовыя адхіленні, некаторыя не размаўлялі і не разумелі гаворку. Але я старалася, да кожнага шукала падыход: тлумачыла на пальцах, жэстамі.

Большасць дзяцей у інтэрнаце – адмоўнікі, сіроты. Іх ніхто не наведвае. Але яны не крыўдзяцца на жыццё. Наадварот – адкрытыя, чулыя, добрыя. Памятаю, адзін хлопчык на Каляды прынёс мне шакаладку. Калі ўбачыла яго, у мяне сціснулася сэрца: дзіця сваю адзіную шакаладку аддае мне. Я паспрабавала адмовіцца, маўляў, не трэба, еш сам. А ён заплакаў: «Мне больш няма чаго табе даць». І я ўзяла тую шакаладку. Пазней прынесла яму іншых прысмакаў.

У інтэрнаце я адпрацавала восем гадоў і думаю, што менавіта гэтыя дзеці навучылі мяне чалавечнасці, спагадзе і міласэрнасці. А ў маёй прафесіі без гэтага ніяк.

Трэба ўвесь час быць «напагатове»

Праз сямейныя абставіны я пераехала ў Баранавічы. Яшчэ тры гады ездзіла ў Гарадзішчы, але ўвесь час так працягвацца не магло. Стала шукаць новае месца. Хацелася быць «на перадавой», працаваць на самым складаным участку.

Таму, калі даведалася пра вакансіі рэанімацыйнай медсястры ў УАЗ «Баранавіцкая гарадская лякарня №2», вызначыла, што гэта як раз тое, што мне трэба. Працую тут чатыры гады, і кожны дзень пераконваюся, што не памылілася з выбарам.

Спецыфіка рэанімацыі палягае ў тым, што ўсё трэба рабіць дакладна і аператыўна. Тут няма якой-небудзь заканамернасці або сезоннасці: пацыенты паступаюць кругласутачна, таму трэба ўвесь час быць «напагатове». Праца ў рэанімацыі «кіпіць», адны пацыенты змяняюць іншых – часам нам нават перакусіць некалі.

У рэанімацыйным аддзяленні пацыенты знаходзяцца пад кругласутачным наглядам медыцынскай сястры: яна сочыць за тым, як змяняецца іх стан, выконвае прызначэнне лекара, бярэ аналізы, суправаджае на абследаванні, дапамагае інтубіраваць, праводзіць гігіенічныя працэдуры.

Найлепшая ўзнагарода – выратаванае жыццё

Як і ў кожнай прафесіі, у маёй рабоце ёсць свае цяжкасці. Самае складанае для мяне – гэта тое, што, нягледзячы на ўсе намаганні, веды і ўменні, на жаль, можна страціць пацыента. У такіх сітуацыях заўсёды трымаю сябе ў руках, хоць і ком у горле.

МАРЫНА ПАЛЯВІК РЫХТУЕ КРОПЕЛЬНІЦУ ДЛЯ ПАЦЫЕНТА
ФОТА: АЛЯКСАНДР ЧОРНЫ

Усіх пацыентаў, вядома, не запомніш – у рэанімацыі доўга не затрымліваюцца, максімум тыдзень-паўтары. Але бываюць і выключэнні. Аднойчы да нас трапіў мужчына з пнеўманіяй у вельмі цяжкім стане. Ён правёў у нас амаль месяц і стаў для ўсіх практычна родным.

Усе нашы пацыенты ў асноўным ляжачыя і ў цяжкім стане. Яны могуць не бачыць, не чуць, але гэта не значыць, што яны нічога не разумеюць і не адчуваюць. Таму я заўсёды стаўлю сябе на месца пацыентаў. Уяўляю, калі б я ляжала ў рэанімацыі і мне давялося б увесь час назіраць за панурай медсястрой. Хацелася б мне гэтага? Не.

Так што да пацыентаў я стаўлюся так, як хацела б, каб ставіліся да мяне. І ніколі не прыношу дрэнны настрой на працу.

Пацыенты – людзі розныя, і сустракаюцца сярод іх тыя, хто скардзіцца, лаецца, хворыя з «белай гарачкай» агрэсіўныя, могуць ударыць. Але ўсё гэта дробязі ў параўнанні з задавальненнем, якое атрымліваеш, калі бачыш, што ты дапамог выратаваць нечыя жыццё, што пацыент ідзе на папраўку.

Аднойчы да нас паступіла дзяўчына. Муж зрабіў ёй укол антыбіётыка, а ў яе развіўся анафілактычны шок. Муж прывёз яе да нас на сваім аўто. Ратаваць пацыентку мы пачалі ў прыёмным пакоі і даслоўна выцягнулі з таго свету. У наступную змену я не пазнала яе: прыгожая, квітнеючая, як быццам і не было нічога.

Такія моманты для мяне асабліва каштоўныя: я разумею, што знаходжуся на сваім месцы, і ўсё, што раблю, не дарма.

Апошнія навіны