Парашэнка: Мост спатрэбіцца акупантам, калі яны будуць тэрмінова пакідаць наш Крым
- 15.05.2018, 16:52
Прэзідэнт Украіны пракаментаваў адкрыццё Крымскага моста.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка распавёў на сваёй старонцы ў Facebook пра карысць, якую ў будучыні прынясе Расеі Крымскі мост, які злучыў Кубань і Керч.
«Мост абавязкова спатрэбіцца акупантам, калі яны будуць тэрмінова пакідаць наш Крым», - заявіў Парашэнка.
Украінскі прэзідэнт назваў мост «чарговым сведчаннем пагарды міжнародным правам з боку Крамля», і паабяцаў, што Украіна будзе «паслядоўна абараняць свае пазіцыі», у тым ліку ў міжнародных судовых інстанцыях.
Ён таксама выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што «расейскія ўлады спрабуюць уцягнуць у свае інфраструктурныя авантуры прадстаўнікоў еўрапейскага бізнэсу, імкнучыся тым самым адкупіцца ад міжнародна-прававой адказнасці».
«Упэўнены, агрэсару гэта не ўдасца, ён будзе несці адказнасць напоўніцу», - дадаў Парашэнка.
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін заявіў, што абодва канцы моста праз Керчанскі праліў гэта «шлях у нікуды». «Мост праз Керчанскі праліў - гэта мост паміж акупаваным Крымам, дзе людзі запалоханыя і знікаюць, і Расеяй, дзе могуць за адзін дзень арыштаваць больш за 1600 чалавек за мірны пратэст», - напісаў ён у сваім Twitter.
У аўторак, 15 траўня, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін афіцыйна адкрыў рэгулярны аўтамабільны рух праз Крымскі мост, які злучае мацярык з востравам - кіраўнік дзяржавы праехаў праз мост на чале калоны будаўнічай тэхнікі, за стырном КамАЗ. Даўжыня моста складае 19 км.