BE RU EN

Леанід Судаленка: Спыніце адпраўленне людзей на працы, якія яны не павінны выконваць

  • 11.05.2018, 9:04

Прафзвяз РЭП бароніць інтарэсы сям'і работніка МНС, які ўпаў з даху кароўніка перад прыездам Лукашэнкі.

У прафзвяз РЭП уступіла Таццяна Раманава - сястра кіроўцы газавыратавальнай машыны Гомельскага хімзавода, які загінуў у канцы мінулага года падчас мыцця даху кароўніка ў вёсцы пад Гомелем, куды яго адправіла начальства напярэдадні прыезду Лукашэнкі.

Жанчына хоча давесці, што ейны брат Кірыл Раманаў не вінаваты ў сваёй загубе: бо ён выконваў тую працу, якую не павінен быў выконваць згодна са сваімі працоўнымі функцыямі.

Інакш разважыла Гомельская абласная ўправа Дэпартамента інспекцыі працы, якая выдала выснову аб тым, што вінаватыя не толькі службовыя асобы, але і сам загінулы. Віна яго, згодна з высновай, у тым, што ён парушыў інструкцыю аховы працы.

Менавіта гэтую выснову і абскардзіць у судзе Таццяна Раманава: яна патрабуе прыбраць віну свайго брата.

Таццяна Раманава распавяла praca-by.info, што прафзвяз, у які плаціў унёскі ейны брат падчас працы на хімзаводзе, не падтрымлівае жанчыну ў яе пошуках праўды:

- Я не бачу ніякай абароны з боку таго прафзвязу. Прайшоў час з моманту выдачы Дэпартаментам працы высновы - і цішыня. Да высновы яшчэ некалькі разоў са мной звязваліся, а цяпер - цішыня. Я сама знайшла незалежны прафзвяз РЭП, які мне дапамагае.

Прафзвяз РЭП гатовы ўступіць у справу загінулага працоўнага гомельскага хімзаводу

Жанчына мяркуе, што наймальнік распачаў намаганні, каб перайначыць трагічную сітуацыю і знізіць сваю віну, пераклаўшы частку віны на загінулага, які не можа заступіцца за сябе:

- Разыходзіліся словы яго начальнікаў і калег: тыя, што яны спачатку казалі ў інтэрв'ю розным СМІ, і тыя, што потым апынуліся ў матэрыялах справы. Спачатку былі розныя версіі: «Мы не ведаем нічога, гэта не наш работнік»... Казалі нават, што ён сэлфі туды палез рабіць! Было проста немагчыма! Спачатку калегі брата казалі: я не ведаю, я нічога не бачыў... А пад пратакол - зусім іншае: «З намі праводзілі гутарку, казалі гэтага не рабіць, туды не хадзіць; азнаёмілі з правіламі і тэхнікай бяспекі, той за намі глядзеў» - як быццам працэс працы быў наладжаны. Хоць з запісаў тэлефонных размоў, якія былі пададзеныя, чуваць, што там блытаніна; што нічога не зразумела: каму што рабіць, куды ісці і каго дзе шукаць. Ніякай арганізацыі працы, не кажучы ўжо пра бяспеку тых работ, не было.

Сястра загінулага мяркуе, што вінаватыя толькі тыя людзі, якія адправілі кіроўцу газавыратавальнай машыны мыць дах кароўніка:

- Я мяркую, што вінаватыя наймальнік і тыя, хто павінен быў забяспечыць гэтыя бяспечныя працы: ваенізаванае падраздзяленне хімзаводу, дзе ён працаваў, і сельгаспрадпрыемства.

- Мой брат добра робіць сваю працу: любую, якую яму даручаць. І ён заплаціў за гэта дорага - сваім жыццём. І я хачу, каб людзі, якія нядбайна паставіліся да сваёй працы - а гэта па-іншаму не назавеш - панеслі пакаранне. Я хачу, каб кожны займаўся сваёй справай, каб усё было дакладна і правільна, - дадае Таццяна Раманава.

Інтарэсы Таццяны Раманавай прадстаўляе прававы інспектар працы прафзвязу РЭП у Гомельскай вобласці Леанід Судаленка:

- Калі здарылася гэтая страшная трагедыя з маладым кіроўцам газавыратавальнай машыны з Гомельскага хімзавода, мяне гэта моцна зачапіла. Хлопцу каля трыццаці гадоў, двое маленькіх дзяцей у сям'і засталося. Так недарэчна загінуць - на мыцці кароўніка... Абурыла абсурднасці гэтай сітуацыі. Я бачыў, што наймальнік даручыў работніку працу, яму не ўласцівую. Калі ён кіроўца аўтамабіля, то ён павінен быў кіраваць аўтамабілем, а не лезці на дах, які ён бачыць упершыню ў жыцці і не ведае, як па ім хадзіць.

Леанід Судаленка распавёў пра мэты, якую пераследуе прафзвяз РЭП у справе загінулага Кірыла Раманава:

- Нашая мэта - зрабіць так, каб такіх жудасных і абсурдных трагедый больш не было. Каб кожны наймальнік успомніў пра гэты выпадак, перш чым адпраўляць падначаленага выконваць работы, якія той не павінен выконваць.

Апошнія навіны