У Пецярбургу прайшла акцыя ў падтрымку Telegram
- 1.05.2018, 15:05
Мітынг падтрымаў заснавальнік сэрвісу Павел Дураў.
У Санкт-Пецярбургу ў аўторак удзень адбылося шэсце ў абарону мэсэнджара Telegram, які Раскамнагляд спрабуе заблакаваць ужо некалькі тыдняў. Акцыя была ўзгодненая з гарадскімі ўладамі, яе ўдзельнікі рухаюцца ў складзе першамайскай калоны. Яны пройдуць на Марсавае поле, дзе запланаваны мітынг «лічбавага супраціву», паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле звестак «АУС-Інфа», на гэтым жа першамайскім шэсці затрымалі блізу дзесяці ўдзельнікаў горадаабарончай калоны. Падставай паслужылі сцягі замежных дзяржаў, якія неслі актывісты. Яшчэ двух чалавек забралі ў паліцыю за вясёлкавы сцяг і партрэт Пуціна.
Мітынг падтрымаў заснавальнік сэрвісу Павел Дураў.
Напярэдадні акцыя ў падтрымку Telegram адбылася ў Маскве. Паводле ацэнак актывістаў, на яе прыйшлі больш за 10 тысяч чалавек. На мітынгу выступіў апазіцыянер Аляксей Навальны, які асудзіў дзеянні ўладаў і наглядных органаў, якія заблакіравалі Telegram.
Telegram блакуюць у Расеі з 16 красавіка за адмову падаць ФСБ ключы шыфравання паведамленняў карыстальнікаў. Паколькі мэсэнджар стаў выкарыстоўваць для абыходу блакавання сэрверы амерыканскіх кампаній Amazon і Google, Раскамнагляд пачаў абмяжоўваць да іх доступ. Заблакаванымі выявіліся амаль 20 мільёнаў адрасоў. Пры гэтым сам Telegram прадаўжае працаваць.