BE RU EN

Навошта кіраўнікі раёнаў Менска хочуць арандаваць аўто бізнэс-класа

  • 4.02.2018, 9:29

За дзевяцімесячную арэнду гатовыя плаціць блізу $10 тысяч.

На днях на сайце дзяржзакупак з'явіліся абвесткі пра тое, што некалькі раённых адміністрацый Менска хочуць арандаваць аўтамабілі бізнэс-класа на тэрмін блізу дзевяці месяцаў. Журналісты tut.by даведаліся, навошта гэта трэба.

31 студзеня на электроннай пляцоўцы Icetrade.by з'явілася інфармацыя пра закупкі паслугі арэнды аўтамабіля без кіроўцы для адміністрацыі Фрунзенскага раёна Менска. Патрабаванні: аўто не ніжэй за сегмент Е еўрапейскай класіфікацыі. Тып кузава - седан, працоўны аб'ём рухавіка - не менш за 1799 куб. см, магутнасць - не ніжэй за 163 л. с., экалагічны клас - 5, год выпуску - не раней 2017-га.

Арыенціровачны кошт паслугі - 19 тысяч рублёў з улікам усіх падаткаў і збораў. Перыяд арэнды - з 1 сакавіка да 31 снежня.

- У кошт павінны быць уключаны: выдаткі на эксплуатацыю, рамонт i ўтрыманне аўтамабіля, усіх відаў страхавання, выплаты мыт і іншых выплат, кошт паліва з разліку 1800 км у месяц у гарадскім цыкле, - гаворыцца ў апісанні закупкі.

Узнікае пытанне: навошта адміністрацыі Фрунзенскага раёна такі аўтамабіль, калі летась кіраўнік раёна перасеў на новую рабочую Geely Emgrand GT?

Справа ў тым, што гэтая самая «Джылі» знаходзіцца ў аператыўным кіраванні не ў адміністрацыі, а ў «Рэмаўтадара Фрунзенскага раёна», праз які яна і куплялася. Адпаведна, летась «Рэмаўтадар» здаў яе ў арэнду адміністрацыі. Дамова арэнды перастане дзейнічаць з 1 сакавіка і паводле заканадаўства дзяржорган не можа яе проста падоўжыць, бо гаворка ідзе пра бюджэтныя грошы. Адзіны варыянт - аўкцыён.

Заўважаем, што мінімальныя характарыстыкі запатрабаванага аўтамабіля цалкам супадаюць з той Geely Emgrand GT, на якой кіраўніка раёна вазілі летась. Цуран не хавае, што гэты аўтамабіль яго цалкам задавальняе.

- Але паводле закона мы не можам напісаць - аўтамабіль, сабраны ў Рэспубліцы Беларусь. Таму цалкам магчыма, што будуць заяўкі ад іншых. Напрыклад, нядаўна тэлефанаваў чалавек, у якога Toyota Camry, і цікавіўся.

І калі нехта прапануе танней, скажам, Toyota Camry 2017 года з рухавіком аб'ёмам 2,5 літра і магутнасцю ў 181 конскую сілу, то адміністрацыя арандуе менавіта яе, а не Geely.

- У чым быў сэнс пастаноўкі на аўкцыённыя рэйкі ўсяго, што звязана з бюджэтам: можа, мы не бачым гэтага рэзерву, які той жа прыватнік гатовы падаць. І «Рэмаўтадар» пачаў задумвацца, чаму ў яго кошт на арэнду аўтамабіля такі, а не іншы.

Але ці не прасцей проста перадаць набытую за бюджэтныя грошы «Джылі» ад адной, па сутнасці бюджэтнай, арганізацыі - другой? Цуран кажа, што гэта немагчыма, бо ў штаце адміністрацыі няма спецыялістаў абслугоўвання транспарту і кіроўцы.

Напрыклад, цяпер кіроўца кіраўніка Фрунзенскага раёна - афіцыйна супрацоўнік «Рэмаўтадара». А прэтэндэнтаў на гэтую ролю з 1 сакавіка таксама выбіраюць праз Icetrade.by.

- Там вельмі шмат умоў. Напрыклад, кожную раніцу чалавек павінен праходзіць медагляд і гэтак далей. Таму прапанаваць такое можа толькі арганізацыя, якая займаецца перавозкамі.

Адзначым, што цяпер праз электронную пляцоўку шукаюць аўтамабілі ў арэнду таксама як мінімум Цэнтральны і Ленінскі раёны.

Апошнія навіны