BE RU EN

Палітвязню Ігару Комліку выставілі абвінавачванні

  • 10.08.2017, 21:19

Галоўны бухгалтар прафзвязу РЭП застаецца пад вартай.

Як стала вядома ПЦ «Вясна», 10 жніўня галоўнаму бухгалтару прафзвязу РЭП Ігару Комліку выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу - «Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйнай суме».

Сваю віну Ігар Комлік не прызнае, ніякіх паказанняў не дае. Аднак, меру стрымання пакінулі тую ж: абвінавачваны застаецца пад вартай.

Нагадаем, 2 жніўня 2017 года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскавалі кампутары і фінансавыя дакументы ў офісе прафзвязу РЭП і цэнтральнага офіса БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік. Г. Фядыніча дапыталі і адпусцілі, а Ігара Комліка пакінулі пад вартай.

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі 3 жніўня заявілі, што ўважаюць Ігара Комліка палітвязням. Са слоў праваабаронцаў, распачатая супраць прафзвязных лідараў крымінальная справа палітычна матываваная, звязаная з актыўнай прафзвязнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленнем права на свабоду асацыяцый.

У падтрымку прафзвязных лідараў выступілі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафзвязаў, якія заклікалі ўлады Беларусі спыніць пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

Сёння ж з сумеснай заявай выступілі Абсерваторыя ў абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), якія таксама заклікалі беларускі ўрад зняць усе абвінавачванні з Ігара Комліка і спыніць крымінальны пераслед лідараў прафзвязных арганізацый за іх мірную дзейнасць.

Нагадаем, што праваабаронцы прызналі Ігара Комлік палітвязням.

Апошнія навіны