BE RU EN

За месяц расчараванне расейцаў у Трампе вырасла на 32%

  • 17.04.2017, 14:24

Колькасць расейцаў, якія станоўча ацэньваюць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, знізілася з 38% да 13%.

Колькасць расейцаў, якія негатыўна ставяцца да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, за месяц істотна вырасла. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага Усерасейскім цэнтрам вывучэння грамадскай думкі (УЦВГД), піша gordonua.com.

Доля тых, хто негатыўна ставіцца да амерыканскага лідара, вырасла з 7% да 39%. Колькасць расейцаў, якія станоўча ацэньваюць Трампа, у сваю чаргу, знізілася з 38% да 13%.

31% рэспандэнтаў адчуваюць у дачыненні да кіраўніка Белага дома недавер, 19% - расчараванне, 29% - абыякавасць.

«У параўнанні з сакавіком павагу, сімпатыю і надзею сёння да яго адчуваюць істотна радзей», - гаворыцца ў справаздачы.

Апытанне праводзілася 11-12 красавіка. У ім бралі ўдзел 1200 рэспандэнтаў, якіх апытвалі праз тэлефон. Хібнасць не перавышае 3,5%.

Гэтае ж апытанне паказала, што 12% расейцаў уважаюць дачыненні паміж ЗША і РФ варожымі, 30% дапускаюць магчымасць узброенага сутыкнення паміж краінамі.

Нагадаем, канфрантацыя паміж Вашынгтонам і Масквой выйшла на новы віток пасля ўжывання ў Сірыі хімічнай зброі, якую ў Белым доме прыпісваюць войскам сірыйскага рэжыму прэзідэнта Башара Асада, хаўрусніка Крамля.

Апошнія навіны