BE RU EN

25 сакавіка пачнецца фармаванне шырокага народнага ўрада Беларусі

  • 10.03.2017, 17:30

Асабістая мужнасць стане адной з важных якасцяў пры прыняцці на новую дзяржаўную службу.

Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» завіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Ведаю, што ўжо не раз адказвалі на гэтае пытанне, але раскажыце пра вашы ўражанні ад фільма на БТ, дзе вы фігуравалі?

- У свой час нашы сябры з сербскага руху «Адпор» казалі: сябры павінны гаварыць пра вас добра, аналітыкі па-рознаму, а ворагі дрэнна. А вы павінны дамагчыся таго, каб дзяржаўная тэлевізія пачала пра вас казаць. І як сказаў Мікалай Статкевіч, у Лукашэнкі не вытрымалі нервы і была знятая забарона на згадванне ягонага прозвішча. Можна сказаць, што пачалася рэкламная кампанія Мікалая Статкевіча і ўсяго Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

- Атрымліваецца, што гэты пасквіль можна запісаць у плюс: вашы ворагі пачалі пра вас казаць?

- Гэта звычайная справа. На вайне, як на вайне.

- Але ўсё ж нешта новае для сябе вы адкрылі, ці гэта ўсё тыя ж заезджаныя штампы, як са здохлымі пацукамі і шпрыцамі? Ці развіваюцца прапагандысты БТ?

- Новае тое, што Лукашэнка адкруціў у стасунках з Расеяй. Раней ён спрабаваў балансаваць паміж Парашэнкам і Пуціным, а гэты фільм адназначна стаіць на баку Расеі. Фільм накіраваны супраць украінскага народа. І гэта мяне абразіла, бо па бацьку я ўкраінец. Адкуль яны знайшлі на БТ столькі ўкраінафобіі і ў такой колькасці, для мяне гэта пытанне.

- З нагоды Украіны. Можа быць гэта спроба забіць адным стрэлам некалькі зайцоў? Можа, гэта спроба паказаць Пуціну: сукін сын, але свой і чхаць я хацеў на Парашэнку. Гэта свайго кшталту прызнанне ў любові?

- Хочацца грошай, як казаў не раз Аляксандр Рыгоравіч. Спроба атрымаць іх у Сочы скончылася нічым. Відаць, што па колькасці кадраў, узятых з канала Russia Today, гэты фільм накіраваны больш на расейскі рынак, чым на беларускі. Гэта чарговая кампанія для вымантачвання грошай - цяпер ад усходняга суседа.

- Такі многахадавы пасквіль атрымліваецца. Што ж тычыцца беларускай аўдыторыі, то гэта пудзіла Майдана, дзе ўсе расстрэльваюць адзін аднаго, дзе апазіцыя праплачаная з-за мяжы. Гэта асноўны козыр уладаў, альбо ў іх ёсць нешта яшчэ?

- Яны не зразумелі, што гэта ўжо не працуе. Вельмі складана беспрацоўнаму чалавеку, ад якога дзяржава патрабуе грошай, звязаць ягоныя асабістыя беды з Украінай. Людзі выходзяць менавіта супраць Лукашэнкі, бо ён стаў ворагам кожнай беларускай сям'і. На акцыях пенсіянеры, асабліва не падбіраючы выразаў, кажуць, што праклінаюць той дзень, калі прагаласавалі за Лукашэнку. Тут няма ніякай геапалітыкі. Не трэба шукаць у раззлаваных, раззлаваных беларусаў нейкай геапалітычнай мудрасці. У людзей проста няма грошай.

- Немагчыма не звязаць гэты сюжэт з хваляй рэпрэсій. Ці можна казаць пра тое, што ўлады пачалі звыклую для іх зачыстку перад галоўным пратэстам гэтай вясны 25 сакавіка?

- Няма ніякай хвалі рэпрэсій. Ёсць імітацыя. Безумоўна, некаторыя выканаўцы перагінаюць палку.

Яшчэ б хацеў прывесці прыклад Польшчы: мяняюцца эліты, мяняюцца прэзідэнты і бачная заканамернасць. Трое з пяці прэзідэнтаў нашых суседніх краін - былыя палітвязні. Былыя палітычныя зняволеныя былі і ёсць прэм'ерамі, міністрамі, кіраўнікамі палат парламента, кіраўнікамі міністэрстваў унутраных спраў, бяспекі і г.д. І цяпер у людзей ёсць магчымасць не толькі пазмагацца за свабоду Беларусі, але і ўвайсці ў ганаровую кагорту палітвязняў.

У свабоднай Беларусі, акрамя прафесіяналізму, гэта будзе адным з вызначальгых фактараў пры прыёме на працу, бо гэта будзе сведчыць аб мужнасці чалавека і пра тое, што яму можна будзе даверыць важную дзяржаўную справу.

- Гэта значыць, улады абазначылі будучых кіраўнікоў Беларусі, паліваючы іх брудам, напрыклад, у гэтым сюжэце?

- Улады тут зусім не пры чым. Людзі даўно зрабілі свой выбар на карысць дэмакратыі: Мікалай Cтаткевіч, Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Генадзь Фядыніч, Яўген Афнагель і іншыя.

Калі будзе змена эліт, натуральна, што прыйдуць новыя людзі праеўрапейскіх поглядаў. Будуць стварацца новыя каманды. І акрамя адукацыі, прафесійных навыкаў будзе важны фактар таго, мужны гэты чалавек ці не. А чым ты займаўся апошнія 20 гадоў? У цябе ёсць шанец праявіць сябе - праяві яго сёння. Я думаю, што 25 сакавіка стане днём фармавання шырокай каманды новай улады ў Беларусі.

- Гэта значыць, фармаванне складу новага народнага ўрада, пра які не раз казала апазіцыя?

- І думаю, што не аднаго складу. Таму што мы ведаем, што потым людзі дзеляцца ў залежнасці ад іх палітычных поглядаў: на сацыял-дэмакратаў, лібералаў, умераных і гэтак далей. Усё будзе проста: ты патрыёт Беларусі? Ты праяўляў смеласць і мужнасць – значыць, ты наш чалавек і ты можаш знаходзіцца на адказнай пасадзе.

- Дзяленне на розныя палітычныя лагеры адбываецца тады, калі ў краіне дэмакратыя. А пакуль ёсць толькі два лагеры: дэмакратыя і дыктатура. Калі мы гаворым пра акцыю 25 сакавіка, немагчыма не заўважыць у гэтым сюжэце намёку на правакацыю. Пра гэта таксама заявіў лідар КХП БНФ Зянон Пазняк. Як вы думаеце, наколькі магчымая рызыка правакацыі, або гэта ўсё тыя ж метады, накіраваныя на запалохванне людзей?

- Для абароны свабоды і незалежнасці ўкраінцы едуць на фронт. Перад беларусамі, на шчасце, такога выбару не стаіць. Трэба толькі адарваць адно месца ад канапы і выйсці на вуліцу пад сцягамі свабоды і незалежнасці, на абарону сваіх правоў. Паводле свайго напалу і маштабнасці такой сітуацыі ў краіне не было з часоў перабудовы. Калі гэты працэс пайшоў, то да лета сітуацыя можа змяніцца.

- То бок, гэта пункт незвароту?

- У мяне такое адчуванне, што так. І тэстам будзе акцыя 25 сакавіка. І гэта не ісці на фронт, трэба толькі выйсці на вуліцы са сваімі сябрамі, разам з дзясяткамі тысяч менчукоў і беларусаў, якія прыехалі з усёй краіны. Вось гэта выбар. Альбо ж сядзець на кухні, піць гарэлку і лаяць рознымі словамі рэжым. Такі тэст стаіць перад беларусамі.

- Атрымліваецца пытанне «дзе ты быў апошнія 20 гадоў» можна скараціць да пытання «дзе ты быў 25 сакавіка 2017 года»? Улады палохаюць людзей украінскім сцэнаром, не толькі Майданам, але і тым, што адбылося пасля яго, гэта значыць, расейскай агрэсіяй. Наколькі яна сёння небяспечная? Ці павінна апазіцыя і абураныя беларусы карэктаваць свае дзеянні ў сувязі з гэтым?

- Хто запрасіў гэтыя расейскія войскі? Хто паклікаў гэтую тысячу танкаў? Яны ж не самі ўваходзяць. Іх паклікаў асабіста Лукашэнкі і некаторыя беларускія генералы. Апазіцыя ўжо заявіла, што не прымае гэтыя вучэнні на тэрыторыі нашай краіны. І супрацьдзеянне гэтым вучэнням прадоўжыцца. Думаю, нас у гэтым падтрымаюць ва ўсім свеце. Нельга ўпускаць расейскія войскі ў Беларусь. Што яны тут забыліся? Хто вас тут чакае? Мы самі не пусцім NATO на тэрыторыю Беларусі, іх ніхто не клікаў. Але і вы сюды не лезьце.

Мы ўсе выдатна ведаем, што калі Расея набліжаецца да якога-небудзь сур'ёзнага апанента, абавязкова адбываецца вайна. Я вельмі спадзяюся, што ўсё ж не будзе гэтых вучэнняў. У рэзалюцыі, якая будзе прынятая 25 сакавіка, будзе пункт, які прадугледжвае гэта, каб расейцы пачулі голас беларусаў: браты, не лезьце са сваімі танкамі, мы не пусцім сюды NATO, але і вам тут рабіць няма чаго. Заставайцеся на сваёй тэрыторыі.

Апошнія навіны