Кіроўца тралейбуса пані Гелена: Чым меншая машына, тым яна больш амбіцыйная
- 31.12.2017, 14:10
Як высветлілася, кіроўца менскага тралейбуса з 25-гадовым стажам – паэтка і тонкі псіхолаг.
Журналісты газеты «Менскі кур'ер» сустрэліся з Геленай Дудко, кіроўцай тралейбуса з 25-гадовым стажам, якая, як высветлілася, складае нядрэнныя вершы. Пані Гелена – так яе называюць калегі і блізкія, яна полька з нацыянальнасці, – падзялілася сваімі назіраннямі пра менчукоў.
ЯКІЯ МЕНЧУКІ КІРОЎЦЫ
«Я не ведаю, хто на каго ўплывае: машына на ўладальніка ці наадварот. Але магу дакладна вызначыць нораў кіроўцы праз марку ягонай машыны.
Бацька ў мяне кіраваў «ЗІЛам». Ён быў такім самым, як ягоны грузавік, – моцным, хуткім, рухомым, але добрым, заўсёды падбіраў падарожнікаў на вясковых дарогах, нават калі яны не галасавалі.
А, да прыкладу, «БМВ» у кіроўчых колах называюць баявой машынай варвараў.
І яшчэ заўважыла: чым меншая машына, тым яна больш амбіцыйная. Маленькая не дае сябе абагнаць, ніколі не саступіць дарогі, а нам часам, каб абагнуць прыпаркаваныя аўто ў правай паласе, проста неабходна заняць іншы шэраг. Грузавік саступіць, малая – ніколі!
Лепш за ўсё да тралейбусаў ставяцца гарадскія аўтобусы, яны нас разумеюць».
ПРА МЕНСКІХ ПАСАЖЫРАЎ У НАВАГОДНЮЮ НОЧ
«Нам з (мужам) Валерыем не раз выпадала праца ў навагоднюю ноч, і, паверце, гэта не так дрэнна.
Прыбраныя пасажыры, у салоне, як у парфумернай краме, лунаюць водары парфумы, перамяжоўваючыся з пахам мандарынаў і хвойнай смалы. Ноччу шумна, ажыўлена на вуліцах, ілюмінацыя, салюты.
Тралейбусы бібікаюць, вітаючы такім чынам калег не толькі з 5-га парку, але і з іншых прадпрыемстваў. Мы з Валерам, калі сустракаліся на маршруце, гулі адно аднаму, махалі рукамі, пераклікаліся. Калі мужу выпадзе гэтым разам праца ў навагоднюю ноч, не выключана, што паеду разам з ім, як Снягурка пры Дзядулю Марозу. Будзем святкаваць па-сямейнаму і ў той самы час на людзях. А пажаданне калегам-кіроўцам я ўжо падрыхтавала:
Не зевай и не скучай,
На педали жми давай,
Видишь красный впереди –
пешеходов пропусти,
И гаишная машина
мимо вас промчится мимо».
ПРА ЖАНЧЫНАЎ-КІРОЎЦАЎ
«З павагай стаўлюся да жанчынаў-кіроўцаў гарадскога транспарту. Мы нароўні з мужчынамі ўстаём у 3:30, усю змену кіруем грувасткай машынай і не скардзімся. Адзінае, на месцы гарадскога кіраўніцтва старалася б будаваць жыллё і інтэрнаты для персаналу побач з аўтапаркам. Калі ёсць пляцоўка за плотам парку або побач з дыспетчарскай станцыяй, то там і трэба будаваць. Вялікая розніца – прачнуцца а 3-й або а 5-й.
А пра жанчынаў-аўтааматараў скажу словамі мужа Валерыя Паджарага: кіруюць аўто дзяўчаты або празмерна асцярожныя, або без меры нахабныя, разумных не бывае. З гэтай прычыны ён мне доўга не давяраў наш асабісты аўтамабіль. Хоць, шчыра кажучы, тралейбус мне падабаецца больш, можа, таму што з яго агляд лепшы».
А ГЭТЫЯ ВЕРШЫ ЯНА ПРЫСВЯЦІЛА СВАЙМУ МУЖУ
«Я помню трепет твоих губ
И поцелуй украдкой страстный.
Мой гнев и ревность –
всё напрасно,
Ведь знаю я – ты однолюб».