BE RU EN

Расейскіх хакераў абвінавацілі яшчэ ў адной атацы - на сэрвэры АБСЕ

  • 7.01.2017, 14:50

Нямецкія спецслужбы прыйшлі да высновы, што да нападу на сэрвэры АБСЕ ў 2016 годзе датычная адна з дзвюх груп расейскіх хакераў.

Гэтыя групы згадваліся ў дакладзе спецслужбаў ЗША аб выцеках з сэрвэраў Дэмакратычнай партыі падчас перадвыбарнай кампаніі. Аб высновах спецыялістаў з службы абароны канстытуцыі Нямеччыны паведамляе ў суботу FAZ.

Напярэдадні выведка ЗША назвала прэзідэнта РФ Пуціна ініцыятарам умяшання Расеі ў выбары, пасля якіх да ўлады прыйшоў мільярдэр-рэспубліканец Дональд Трамп, які ўважаўся на пачатку гонкі за аўтсайдара.

Кіраўнік нямецкай спецслужбы Ганс-Георг Маасэн заявіў FAZ: "Наш аналіз паказаў, што для гэтай атакі (на сэрвэры АБСЕ) выкарыстоўвалася такая ж інфраструктура, што і падчас іншых кібэратак у рамках (хакерскай) кампаніі APT28 - кампаніі, якая летась была накіраваная ў тым ліку супраць Бундэстага... Што да APT28, дык ёсць паказальнікі на расейскія крыніцы (яе паходжання)".

У канцы снежня 2016 года заходнія СМІ паведамлялі, што сэрвэры АБСЕ мінулай восенню падпалі пад маштабны хакерскі напад. Пры гэтым у АБСЕ даведаліся пра кібэратакі ў канцы кастрычніка.

Раней аб датычнасці да гэтага расейскіх хакераў паведамляла французская газэта Le Monde. Крыніца выдання ў заходніх спецслужбах сцвярджаў, што APT28 - гэта тая ж група, што і Fancy Bears. Гэтую групу падазраюць у сувязях з расейскімі ўладамі і ў кібэратаках супраць Дэмакратычнай партыі ЗША падчас перадвыбарчай гонкі. Таксама яна адказная за ўзлом сэрвэраў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), у выніку якога былі апублікаваныя звесткі аб шматлікіх тэрапеўтычных дазволах для заходніх атлетаў, якія давалі ім магчымасць прымаць забароненыя для іншых прэпараты.

Апошнія навіны