МУС: 25 слухачоў БДЭУ з Бангладэш і Сенегалу надумалі «знікнуць» у ЕЗ
- 10.01.2017, 20:37
Студэнты маглі выкарыстоўваць вучобу ў ВНУ як прыкрыццё, каб потым праз «шэрыя» каналы пераправіцца ў краіны Еўразвязу.
Слухачы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта (БДЭУ) з Бангладэш і Сенегалу маглі выкарыстоўваць вучобу ў ВНУ як прыкрыццё, каб потым праз «шэрыя» каналы пераправіцца ў краіны Еўразвязу, мяркуюць у МУС Беларусі.
«У міліцыі не выключаюць, што сапраўднай мэтай грамадзян Бангладэш і Сенегалу маглі быць краіны Еўразвязу. Апошнія гады ў Беларусі зафіксавана больш за сто фактаў, калі замежнікі выкарыстоўваюць студэнцкія каналы для міграцыі», - паведаміў тэлеканал «АНТ» у аўторак, кранаючы тэму «знікнення» слухачоў БДЭУ - 24-х грамадзян Бангладэш і аднаго сенегальца, піша «Інтэрфакс».
У тэлесюжэце было адзначана, што група з 48 чалавек паступіла на факультэт дауніверсітэцкага навучання ў БДЭУ ў мінулым годзе і спачатку ў поўным складзе хадзіла на заняткі. Але за апошні месяц эканамічны ўніверсітэт не далічыўся паловы слухачоў. Не знайшлі іх і на месцы пражывання, у інтэрнаце.
Як паведаміў «АНТ» начальнік аддзела грамадзянства і міграцыі Ленінскага РУУС Менска Антон Гапаненка, частка студэнтаў-«уцекачоў» затрыманая праваахоўнымі органамі Расейскай Федэрацыі. «Прычыны выбыцця (слухачоў БДЭУ з месца рэгістрацыі – ІФ) цяпер высвятляюцца», - дадаў Гапаненка.
У сваю чаргу прарэктар у вучэбнай рабоце БДЭУ Уладзімір Хмяльніцкі сказаў: «Чаму яны пакінулі месца рэгістрацыі?... Ну, напэўна, мэты ў іх (у слухачоў – Заўв.) былі іншыя, чым тыя, якія мы думалі».
«Тыя, што засталіся бангладэшцы цяпер спраўна наведваюць заняткі, але куды зніклі іх землякі, сказаць не могуць. Іх узровень валодання расейскай мовай пакуль вельмі нізкі. У эканамічным універсітэце навучаюцца студэнты з 32 краін, і кіраўніцтва заяўляе, што надзвычайных сітуацый з замежнікамі раней не адбывалася», - праінфармаваў тэлеканал.