BE RU EN

Uber адмовіўся везці паджылага мужчыну ў 20-градусны мароз

  • 10.01.2017, 20:13

Сямейная пара надумала дапамагчы паджыламу мужчыну, які дрэнна сябе адчуваў, аднак кіроўца таксі адмовіўся яго везці.

У нядзелю, 8 студзеня, у разгар марозу сямейная пара заўважыла паджылага мужчыну, які стаяў на выхадзе з падземнага пераходу ля ГУМа. Ён дрэнна сябе адчуваў, таму пара надумала дапамагчы яму і выклікала Uber, каб дзядуля хутчэй даехаў дадому. Але задума не выйшла: кіроўца адмовіўся везці яго. Аб гэтым піша оnliner.by.

«Стары выглядаў не вельмі: твар бледны, апрануты таксама ў даволі старыя рэчы. Я падышоў да яго і спытаў, чаму ён тут стаіць. Мужчына адказаў, што хадзіў у краму, а калі падымаўся па лесвіцы, яму стала дрэнна», — распавёў мянчук Васіль, які хацеў дапамагчы дзядулю.

З ягоных слоў, кіроўца Uber прыехаў, паглядзеў, што дзядуля дрэнна апрануты, і сказаў: «Я заказ браць не буду, вы мне салон сапсуяце». Васіль згодны, што адзенне на старым было «не апошняга сезону», але пры гэтым яно не было брудным. «Я прапанаваў кіроўцу ў гэтым пераканацца. Аднак той нават не выйшаў з салона, проста зачыніў акно і з'ехаў», — абураўся мужчына.

У выніку сямейная пара падвезла паджылага мужчыну на маршрутцы, затым яго праводзіў да хаты маладзён на імя Максім, які таксама быў сведкам сітуацыі. Ён пацвярджае, што адзенне дзядулі не было брудным. «Проста стары чалавек — яму 92 гады, наўрад ці ў такім узросце людзі пільна сочаць за сваім выглядам. Дзядуля жыве недалёка, на праспекце Незалежнасці. Сам бы ён не дайшоў: я ўзяўся несці яго мяшок з крамы, так яму стала трохі лягчэй. А так ён з вялікай цяжкасцю рухаўся», — распавёў Максім.

Жонка Васіля накіравала зварот у тэхнічную падтрымку сэрвісу Uber, у якім распавяла аб тым, што адбылося. Ёй прыйшоў адказ з выбачэннямі ад імя кампаніі. Кліента запэўнілі, што ў дачыненні да кіроўцы будуць прыняты ўсе патрэбныя захады: ад яго запатрабавалі пісьмовае тлумачэнне, а таксама накіравалі на дадатковае навучанне, пасля праходжання якога ён зможа вярнуцца да працы ў Uber.

Васіль сцвярджае, што за паездку, якая не адбылася, з яго карткі былі спісаныя грошы, як за скасаванне паслугі. Ён мае намер дамагацца кампенсацыі гэтай сумы.

У Uber, у сваю чаргу, распавялі: калі ўзнікае праблемная сітуацыя, з кіроўцам праводзіцца тлумачальная гутарка. У некаторых выпадках яго запрашаюць у Цэнтр падтрымкі для асабістай гутаркі. Там кіроўцу нагадваюць правілы, разглядаюць канкрэтную сітуацыю з праглядам відэа і іншых матэрыялаў.

Агулам, кіроўцы Uber маюць права адмовіць кліенту ў паездцы. Напрыклад, калі пасажыр знаходзіцца ў неадэкватным стане, ці хоча сесці з вялікай жывёлінай, якая не знаходзіцца ў пераносцы і не з'яўляецца павадыром. Пры гэтым сабака-павадыр заўсёды дапускаецца ў аўтамабіль. Яшчэ адная прычына для адмовы — калі пасажыраў больш за чатыры і яны хочуць ехаць у адным аўто.

Апошнія навіны