BE RU EN

У Беларусі стала больш фальшывых новых грошай

  • 10.01.2017, 17:39

Пасля дэнамінацыі колькасць падробленых беларускіх рублёў стала расці.

У перыяд паралельнага абарачэння банкнот узору 2000 года і банкнот узору 2009 года назіраецца рост выключэння з наяўнага грашовага абарачэння падробленых беларускіх рублёў. Пра гэта гаворыцца ў лісце Асацыяцыі беларускіх банкаў (АББ) на адрас банкаў. У сваім звароце АББ спасылаецца на маніторынг МУС аб стане фальшываманецтва ў краіне, піша tut.by.

Характэрнай для Беларусі асаблівасцю цягам апошніх гадоў з'яўляецца перавага абарачэння падробленай замежнай валюты над нацыянальнай. За 11 месяцаў мінулага года прапорцыя складала 96,4% супраць 3,6% адпаведна. Аднак пасля ўвядзення з 1 ліпеня паралельнага абарачэння старых і новых беларускіх банкнот, намецілася іншая тэндэнцыя.

«Калі ў першым паўгоддзі 2016 года распачата 8 крымінальных спраў, то ў ліпені-снежні 2016 года зафіксаваныя 24 злачынствы, з якіх 19 у фактах выяўлення падробленых банкнот узору 2009 года. Усяго за 11 месяцаў 2016 года канфіскавана 176 падробленых беларускіх рублёў», - сказана ў лісце АББ.

Паводле інфармацыі МУС, маюць месца выпадкі перавозкі падробленых банкнот паміж банкамі (структурнымі падраздзяленнямі банкаў), дзе першапачаткова падробленыя банкноты не былі выяўленыя. За 11 месяцаў выяўлена 68 фактаў нераспазнаных спецыялістамі банкаў падробленых банкнот. Трэба адзначыць, што «ў 107 выпадках у спецыялістаў банкаў выклікалі сумневы ў сапраўднасці грашовыя знакі, якія пасля падчас экспэртызы прызнаныя сапраўднымі».

На думку МУС, згаданыя факты сведчаць «аб недастатковым узроўні прафесійнай падрыхтоўкі касавых работнікаў банкаў». Сілавікі прапануюць замацаваць на заканадаўчым узроўні патрабаванні, якія абавязваюць касіраў «мець дакумент, які пацвярджае праходжанне імі навучання для вызначэння сапраўднасці і аплатнасці грашовых знакаў».

Другая прапанова праваахоўнікаў - унясенне змяненняў і дапаўненняў у Інструкцыю аб парадку правядзення банкамі праверкі сапраўднасці банкнот згодна з заявай фізасобы ў частцы «выдачы кліенту дакумента з указаннем наймення валюты, наміналу, колькасці і спосабу праверкі банкнот (лічыльна-сартавальныя машыны, прыборы візуальнага вызначэння сапраўднасці)». Нагадаем, права на наданне такой паслугі як праверка сапраўднасці банкнот, банкі атрымалі ў сярэдзіне 2015 года.

Адпаведна са статыстыкай Нацбанка, за першыя тры кварталы было выяўлена 9 падробленых банкнот беларускіх рублёў. Дзве з іх - падробленыя банкноты наміналам 5 беларускіх рублёў узору 2009 года.

«Усе выяўленыя падробленыя беларускія рублі былі вырабленыя без імітацыі элементаў абароны», - удакладнялі спецыялісты. Таксама за 9 месяцаў быў выяўлены рост колькасці падробленых даляраў. Статыстыка за ўвесь 2016 пакуль не агучаная.

Апошнія навіны