У дзіцячым садку Маладзечна тэмпература блізу 13 градусаў
- 10.01.2017, 17:01
У дзіцячым садку адмаўляюцца гаварыць з журналістамі, чыноўнікі ў раз'ездах і не спяшаюцца.
У жыхаркі Маладзечна Аляксандры Пагуды 29 снежня захварэла дачка Каміла. Дзяўчынцы тры з паловай гады. З пачатку 2017 года Аляксандра забрала дачку з садка, і цяпер тата бярэ яе з сабой на працу, у офіс на рынку. Там цяплей, чым у садку, піша сайт kraj.by. Дзіцячы сад №28 знаходзіцца ў Маладзечна на вуліцы Міра, 6а.
- Мая Каміла - у групе на другім паверсе садка. Градуснік там паказвае 13 градусаў цяпла. Выхавальнік, каб сагрэць дзяцей, цягам дня выводзіць іх на першы паверх. Там цяплей. Але есці і спаць дзецям усё адно даводзіцца ў сваёй групе, на другім паверсе, - распавядае Аляксандра Пагуда.
Аляксандра Пагуда кажа, што хаджэнне туды-сюды - стрэс для дзяцей. Яны плачуць.
- Мая Каміла захварэла, - распавядае суразмоўца. - Пасля выздараўлення я не хачу вяртаць яе ў сад. Таму муж забірае дзяўчынку з сабой на працу. У офісе цяплей, чым у садку.
У Арцёма Валько два сыны. Старэйшаму Савелію пяць гадоў і тры месяцы. Ён ходзіць у групу, якая на першым паверсе садка. Малодшаму Усеваладу - тры з паловай гады, і ягоная група - на другім, халодным паверсе.
- Малодшыя дзеці ў нашым садку - качэўнікі, якія спускаюцца з другога паверха на першы, каб пагрэцца. А спаць і есці вяртаюцца да сябе на другі паверх. На першым паверсе таксама не вельмі цёпла. Але там хоць бы 17 градусаў. Бацькі хочуць развязаць гэтую праблему. Я тэлефанаваў начальніцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іне Феліксаўна Драпезе. Яна сказала, што за адзін дзень гэтую праблему не развязаць. Мы будзем намагаць на развязанні. Калі патрэбен капітальны рамонт будынка садка, хай яго зробяць, - распавядае бацька дзяцей.
Журналісты патэлефанавалі ў дзіцячы садок. Там адказалі, што ніякіх каментароў даваць не будуць, і павесілі слухаўку.
А вось што распавядае намеснік дырэктара ў цеплатэхнічных пытаннях прадпрыемства «Маладзечанскія электрасеткі» Леанід Кузняцоў:
- Мы аднолькава падаем цяпло ва ўсе будынкі горада. Прэтэнзій канкрэтна аб гэтым садку да нас не паступала. Я магу выказаць здагадку, што на другім паверсе гэтага будынка цяпло не захоўваецца. Але я не ведаю, адкуль там дзьме - з вокнаў або праз сцены. Гэта павінен высветліць сантэхнік, які там працуе.
Леанід Кузняцоў прапануе бацькам дзяцей звярнуцца да загадчыцы садка або ў аддзел адукацыі. Калі будзе неабходна, работнік электрасетак з цеплавізарам выявіць прычыну выцеку цяпла.
У прыёмнай Іны Драпезы паведамілі, што Іна Феліксаўна 10 і 11 студзеня знаходзіцца ў камандзіроўцы.
Арцём Валько і Аляксандра Пагуда маюць намер дамагацца, каб у садку №28 пацяплела.