BE RU EN

Старшыня Рады БНР: Беларускі народ ніколі не падпарадкуецца дыктатуры

  • 10.01.2017, 16:47

У студзені 1926 года трэці кіраўнік Рады БНР Пётра Крэчэўскі апублікаваў маніфест «Покліч».

У сваім артыкуле, які стаў праграмнай для беларускага нацыянальнага адраджэння ў 1920-х, Пётра Крэчэўскі адказвае на аргументы праціўнікаў суверэнітэту беларускай дзяржавы.

Апісаная ў артыкуле інфармацыйная вайна супраць беларусаў шмат у чым нагадвае сённяшнюю сітуацыю, а некаторыя тэзісы трэцяга кіраўніка Беларускай Народнай Рэспублікі, апублікаваныя на сайце Рады БНР, актуальныя і дагэтуль.

«З бяспрыкладнай у гісторыі народаў адвагай Беларускі Народ вядзе барацьбу за сваё вызваленне ад чужацкай няволі.

Каб паменшыць значэнне нашай барацьбы за свабоднае слова, за родную школу, за мову і сваё палітычнае і гаспадарча-эканамічнае жыццё, нашы ворагі штодня карыстаюцца сваёй і замежнай прэсай, каб давесці свету, што гэта бандытызм, а не вялікая і гераічная барацьба народа за сваю свабоду», - пісаў Крэчэўскі ў далёкім 1926 годзе.

«Аднак, без дапамогі нейкіх замежных сіл, Беларускі Народ абвясціў сябе суверэнным гаспадаром Беларусі і актам 25 сакавіка 1918 года замацаваў сваю незалежную дзяржаву. Нават савецкая Беларусь не адважваецца адмаўляць юрыдычна-прававога боку гэтага акта, але, прызнаючы не права, а сілу, навязвае беларусам святкаванне «камуністычнай незалежнасці» 1 студзеня 1919 года», - апісвае Крэчэўскі сітуацыю, якая нагадвае стаўленне цяперашніх уладаў да гістарычных дат беларускай Незалежнасці.

«Розум і павага, з якім Беларускі Народ ставіўся да сваёй дзяржавы, як у мінулым - Беларуска-Літоўскай дзяржавы (ВКЛ), так і цяпер - да Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама творчая воля ўсяго Беларускага Народа, дэмакратычнага фактычна і цвёрдага ў сваім «я», - усё гэта гаворыць аб правільнасці ягонага шляху да незалежнасці.

Мы верым, што традыцыйна і гістарычна вырашчаны на праве і справядлівасці Беларускі Народ ніколі не падпарадкуецца сіле дыктатуры, як актыўна, так і негвалтоўна будзе змагацца за сваё права на поўнае народаўладдзе.

Мы не карыстаемся дэмагогіяй і не заклікаем да таго, чаго не можам даць. Наш шлях - шлях праўды. На хлусню народу і за кліч яго да «сусветнага шчасця пралетарыяту» мы не пойдзем.

Трэба ўпарадкаваць сваё жыццё, трэба Беларускі Народ зрабіць гаспадаром на сваёй зямлі ў першую чаргу, а потым ужо дапамагаць і іншым народам у мэтах агульначалавечага шчасця.

Прэзідыум Рады Беларускай Народнай Рэспублікі стаіць на варце гэтых інтарэсаў», - напісаў Пётра Крэчэўскі.

«Далейшая праца, як наша за мяжой, так і ўсяго беларускага народа на Радзіме, павінна скінуць панаванне чужынцаў і даць незалежнасць Беларускаму Народу на ўсёй этнаграфічнай Беларусі, дзе ён з'яўляецца большасцю. Супраць сілы мы ставім ідэю, супраць гвалту - пратэст», - так вызначыў задачы і метады беларускіх патрыётаў яшчэ ў 1926 годзе старшыня Рады БНР.

Апошнія навіны