BE RU EN

The New York Times: ЗША дадалі ў «чорны спіс» блізкага паплечніка Пуціна

  • 10.01.2017, 16:33

У «чорны спіс» за парушэнні правоў чалавека трапілі яшчэ пяць расейцаў.

«Адміністрацыя Абамы дадала ў амерыканскі «чорны спіс» пецярых расейцаў (у тым ліку кіраўніка Следчага камітэта Расеі, які з'яўляецца блізкім паплечнікам прэзідэнта Уладзіміра Пуціна) за парушэнні правоў чалавека, - паведамляе Марк Лэндлер у The New York Times (пераклад - inopressa.ru). - Гэта перасцярога абранаму прэзідэнту Дональду Трампу, які абяцаў дамагчыся пацяплення ў стасунках з Расеяй менш чым за два тыдні да пачатку працы».

«Санкцыі, абвешчаныя ў панядзелак міністэрствам фінансаў, не маюць дачынення да абвінавачванняў Расеі ва ўзломах кампутараў падчас выбараў амерыканскага прэзідэнта, паводле звестак высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі. Аднак яны маюць сімвалічнае значэнне ў гэты напружаны момант, бо, відавочна, з'яўляюцца астатнім захадам, які ЗША адкрыта прымуць супраць Расеі да пераходу ўлады ў Вашынгтоне», - гаворыцца ў артыкуле.

«Самае гучнае імя, дададзенае да спісу, - Аляксандр Бастрыкін, які падпарадкоўваецца непасрэдна Пуціну і вядзе палітычныя расследаванні паводле ягоных даручэнняў. Са слоў чыноўнікаў, Бастрыкін быў задзейнічаны ў справе Сяргея Магніцкага - адваката, які памёр у зняволенні пры туманных абставінах у лістападзе 2009 года. Ягоным імем названы «Закон Магніцкага», - нагадвае аўтар.

«Дадаванне некалькіх новых імёнаў да спісу асоб, на якіх накладзеныя санкцыі, падае пэўныя сігналы, - мяркуе Дэвід Крамер, старэйшы дырэктар у правах чалавека і дэмакратыі ў Інстытуце міжнароднага лідарства ім. Маккейна. - Ранейшая адміністрацыя дае зразумець, што па-ранейшаму гатовая ўжываць «Закон Магніцкага» і спадзяецца, што наступная адміністрацыя прадоўжыць яе палітыку».

Акрамя Бастрыкіна, да спісу дададзены Андрэй Лугавы і Дзмітрый Коўтун, якія са слоў брытанскай выведкі, атруцілі Аляксандра Літвіненку ў Лондане ў 2006 годзе, а таксама Станіслаў Гардзіеўскі і Генадзь Плаксін - чыноўнікі ніжэйшага ўзроўню, задзейнічаныя ва ўтойванні абставінаў смерці Магніцкага.

Апошнія навіны